Hrodna.life налічыў больш за 80 000 рублёў выдаткаў на Дзень горада ў Гродне. Даражэй за ўсё каштуе выступ кавер бэнда і інсталяцыя. Танней за ўсё – крэйды і вядучы. Лічба не ўлічвае ганарар хэдлайнера Стаса Міхайлава. За выступ у расійскім Омску яму заплацілі 24 млн расійскіх рублёў (855 624 беларускіх). На карпаратывах яго запыты сціплейшыя – 8,5 млн (303 033 беларускіх рублёў).
З гарадскога бюджэту заплацяць:
- Вядучаму ўскладання – 201,15 рубля,
- Чатыром вядучым канцэртных праграм – па 469,35 рубля,
- Рэжысёру эпізоду – 804,60 рубля.
Асноўныя святкаванні дня горада Гродна развярнуцца 7 верасня на гарадскіх плошчах – Савецкай і Леніна. Сярод галоўных падзей: выступленне Стаса Міхайлава, паказ мод і традыцыйны фестываль сыру з народнай дэгустацыяй.
Кавербэнду заплацяць 8500 рублёў. 1835 рублёў за выступ атрымае флайбардыст. 1609,20 рубля – дыджэй, 600 – артыст вакальнага жанру. 1000 заплацяць музычнаму тэатру. 2 000 атрымаюць мастакі, якія зробяць пано-графіці. 1200 рублёў каштуюць паслугі тэатраў моды.
Шоў баяністаў каштуе 2500 рублёў. Неонавае шоу – 4750 рублёў, музычны тэатр – 2000 рублёў.
На фонаграму выдаткуюць 500 рублёў. На друкаваную прадукцыю для сцэны – 2365 рублёў. 2071,94 рубля – на тэкстыльную. Арэнда гукавога абсталявання абыйдзецца ў 8000 рублёў.
Афармленне
На дадатковыя сцэнічныя спецэфекты выдаткуюць 6100 рублёў. Столькі ж – на распрацоўку візуальнай айдэнтыкі для мерапрыемстваў. 1930 і 2125 – на друкаваную прадукцыю. На запрашальныя паштоўкі – 500 рублёў. 600 рублёў – на відэаспінэр. У 1500 рублёў абыйдзецца фотазона з паветранымі шарамі. 2000 каштуе сувенірная прадукцыя.
Дзеці
На аб’ёмна-прасторавую вулічную інсталяцыю «#ГОРОДСЧАСТЛИВЫХДЕТЕЙ» аддадуць 11 350 рублёў. Яна будзе стаяць у ДУА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень”.
540 рублёў выдаткуюць на набор вырабаў для арт-праекта «Раскрась свой город мечты». 1154 рублёў – на фарбу-спрэей. 400 – на маркеры і крэйду.
Тэатр лялек
На мерапрыемствы ля Тэатра лялек аддадуць 12 094.80 рубля. З іх:
- вядоўцу – 402,30,
- вядоўца – заслужаны артыст РБ атрымае ў некалькі разоў больш – 2622 рублі,
- харэографу-пастаноўшчыку – 670,50 рубля,
- рэжысёру па відэа-кантэнту – 3000,
- хэдлайнеру – 5400.



