Сквер у межах вуліц Гарнавых, Дарвіна, Леванабярэжнай у Гродне збіраюцца рэканструяваць. Будаўніцтва пачнуць у сакавіку 2025 года. Для пачатку распрацоўваюць перадпраектную дакументацыю.
Што з’явіцца ў скверы:
- аўтапаркоўка,
- аглядныя пляцоўкі з агароджай,
- пляцоўка для нестацыянарнага кафэ,
- велапаркоўкі,
- забаўляльная пляцоўка для моладзі,
- гульнявая пляцоўка для дзяцей,
- прагулачныя алеі з лавамі і сметніцамі,
- асвятленне сквера,
- азеляненне тэрыторыі устойлівым газонам і каштоўнымі пародамі зеляніны.
Магчыма, з’явяцца статуі. Планаванне пешаходных пераходаў і парковак узгодняць з ДАІ. Трэба прадугледзець, каб перамяшчэнне было камфортным для людзей з інваліднасцю, фізічна аслабленых асоб, людзей з каляскамі. Каб аўтамабілі не пранікалі на тэрыторыю для веласіпедыстаў і пешаходаў, усталююць шлагбаўмы і баларды.
Дакументы на будаўніцтва выдаў гарвыканкам у канцы ліпеня 2024 года. Сквер знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна» і ў водаахоўнай зоне Нёмана. Пры правядзенні работ абавязковы археалагічны нагляд і ахова археалагічных аб’ектаў.
Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіць дзяржзакупку, каб вывучыць цану на выраб дакументацыі. На яе плануюць выдаткаваць 12 952.81 рублёў з гарадскога бюджэту. Яна павінна быць гатовая да 4 кастрычніка.
Чытайце таксама: «Наше место»: пара открыла кафе на своем любимом месте в Гродно