У Гродне завочна асудзілі Вадзіма Саранчукова. У Гродне толькі ў Кастрычніцкім раёне за паўгода па адміністрацыйках прайшло 200 чалавек. Польшча працягвае працу над вызваленнем Пачобута. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 26 жніўня па 1 верасня.
У Гродне затрымалі вядучага інжынера-тэхнолага аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў
Мужчына на відэа кажа, што прысутнічаў на акцыях пратэсту пасля выбараў і на адной з такіх акцый быў затрыманы. Штраф за ўдзел у акцыі яму дапамаглі аплаціць беларускія фонды за мяжой. Таксама ён распаўсюджваў самвыдат і адпраўляў у чат-бот канала Nexta інфармацыю аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, якое бачыў з акна кватэры.
Для затрымання прыцягнулі атрад спецыяльнага прызначэння “Тайфун”.

За паўгода ў Астравецкім раёне за экстрэмізм асудзілі 27 чалавек
За два тыдні жніўня (12-25 чысла) міліцыя зарэгістравала:
- 9 ДТЗ без пацярпелых,
- 6 фактаў падпісак на “экстрэмісцкія” інтэрнэт-каналы,
- 4 сямейна-бытавых скандалы,
- 1 махлярства (пад выглядам кампаніі А1 выманілі ў жанчыны 4300 рублёў),
- крадзеж – двое механізатараў прысвоілі 40 літраў дызельнага паліва,
- у жыхара раёна выяўлена 58 літраў самагонкі.
Лічбы ад мясцовага РАУС апублікавала раённая газета “Астравецкая праўда”. Усяго з пачатку 2024 года за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” (ч.2 артыкула 19.11 КаАП) у Астравецкім раёне асудзілі 27 чалавек. Пяцёра з іх атрымалі суткі адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
У Гродне толькі ў Кастрычніцкім раёне за паўгода па адміністрацыйках прайшло 200 чалавек
За той жа перыяд 2023 года іх было ўсяго 83. Рост – у 2,5 разы. Такія лічбы назваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РАУС Гродна Павел Калмагораў.
“Рост правапарушэнняў экстрэмісцкай накіраванасці выклікае заклапочанасць з боку АУС”, – падзяліўся міліцыянт. На яго думку, праблема ў тым, што «многія жыхары нашага горада не выконваюць “інфармацыйную гігіену”, не аналізуюць і не правяраюць змест сваіх “старонак”, а таксама знаходжанне ў забароненых групах”.
У Гродне завочна асудзілі Вадзіма Саранчукова
Гродзенца Вадзіма Саранчукова завочна асудзілі на 4 гады калоніі і штраф 24 000 рублёў (600 базавых). Яго судзілі ў Гродзенскім абласным судзе па ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 КК “Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. Пра гэта паведаміў сам Вадзім на сваёй старонцы ў Facebook.
“Асобная падзяка “чудо-адвакату” Гушчыну Раману Іванавічу, які прызнаў маю “віну” у поўным аб’ёме…” – напісаў Саранчукоў.
Гродзенец мяркуе, што хутка яго ўнясуць у спіс экстрэмістаў і падпіска на яго старонкі можа стаць небяспечнай для людзей у Беларусі. Таму ён папрасіў знаёмых, якія жывуць у краіне, адпісацца ад яго і зняць лайкі з яго публікацый.

Старонку былой дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі прызналі экстрэмісцкай
Старонку ў Instagram “volha.vialichka” прызнаў экстрэмісцкім суд Ленінскага раёна Гродна 21 жніўня 2024 года.
Таксама на тыдні ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў увайшлі:
- старонка ў TikTok “Навiны Гродна i вобласцi” – па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 28 жніўня 2024 года.
- TikTok-акаўнт “ostorojno_virus” і яго лагатып – па рашэнні суда Лідскага раёна ад 27 жніўня 2024 года.
- TikTok-акаўнт “masterslk” і яго лагатып – па рашэнні суда Лідскага раёна ад 21 жніўня 2024 года.

Ліквідаваныя грамадскія арганізацыі
ГА “Гродзенская гарадская федэрацыя футбола” знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда 16 жніўня. Таксама ліквідавана міжнароднае навукова-тэхнічнае грамадскае аб’яднанне “Контенант” – па рашэнні ад 24 жніўня.
Лукашэнка памілаваў палітвязня з Гродна Руслана Красова
Пра яго вызваленне стала вядома 26 жніўня.
Руслан Красоў з лютага 2017 па лістапад 2020 апублікаваў у “Аднакласніках” абразы і паклёп на адрас Лукашэнкі. У Гродзенскім раённым судзе 19 снежня 2022 года яго асудзілі паводле ч.2 арт. 368 КК і ч. 2 арт. 367 КК на тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Ліпчанку будуць судзіць пасля вяртання ў Беларусь
Кацярыне Мендрык 26 гадоў. Паводле інфармацыі з сацсетак, яна нарадзілася ў Лідзе, але яшчэ ў дзяцінстве пераехала жыць у Гродна. Кацярына вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы, паведамляе “Наша Ніва”.
Згодна з раскладам судоў, да затрымання па крымінальнай справе Кацярыну як мінімум двойчы асудзілі па палітычных адміністрацыйных пратаколах пасля перасячэння мяжы. Ці жыла яна за мяжой пастаянна – невядома.
Мендрык затрымалі пасля студзеньскага рэйду на салідарных з палітвязнямі, бо яна пасылала пасылкі і рабіла пераводы палітвязням у СІЗА. Па звестках праваабаронцаў, затрыманне адбылося крыху пазней, бо на момант рэйду дзяўчына была за мяжой – яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь.
Кацярыну Мендрик прызналі палітзняволенай.

Гродзенца затрымалі за ўдзел у мітынгах і каментары
Мужчына наведаў адзін з незабароненых мітынгаў на плошчы Леніна. Таксама ён прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце “План “Перамога” і пісаў у Telegram “негатыўныя водгукі” аб праваахоўных органах, органах улады і расійскіх вайскоўцах. Ён судзімы за разбой.

Дуда: Польшча працягвае працу над вызваленнем Пачобута, ёсць “сімптомы зменаў” з беларускага боку
Варшава працягвае працу па вызваленні беларускага палітвязня, журналіста Анджэя Пачобута, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня ў інтэрв’ю Kanał Zero, піша “Позірк”.
“Я думаю, мы нашмат бліжэй [да вызвалення Пачобута]. Мы не на паўкроку бліжэй. < … > Мы вельмі старанна працуем, і я бачу сімптомы змяненняў з іншага боку. < … > Мы значна бліжэй”, – сказаў Дуда.



