Трохпакаёвую кватэру ад гаспадароў з фантазіяй прадаюць на вуліцы Брыкеля ў Гродне. У пакоях — столі складанай формы, ляпніна на арках, паліцы ў сцяне і занаванне ў санвузле.
Кватэра знаходзіцца на сёмым паверсе дзевяціпавярховіка 2002 пабудовы.
У гасцінай спалучаюцца брутальныя скураныя канапы, модныя ў 90-х, і рамантычная арка на месцы дзвярнога праходу. Арка ўпрыгожана ляпнінай і калонамі, яе верхняя частка пераходзіць у аб’ёмную столь, на якой размясціліся шкляныя люстры. З гасцінай можна патрапіць на пастэльна-зялёную кухню. На падлозе — дрэва пры ўваходзе і плітка, выкладзеная паўкругам, пад працоўнай часткай кухні. Абедзенная частка знаходзіцца ў паглыбленні каля акна. Сталовую паспрабавалі аддзяліць ад кухні вельмі маленькім столікам на высокай ножцы.
Столь на кухні таксама стала прасторай для эксперыментаў. У круглым паглыбленні зрабілі дзве дугі, у якія ўбудавалі лямпачкі.









Сцены і падлога ў санвузле аздоблены блакітна-бэжавай пліткай, з гэтага ж матэрыялу выкананы ўбудаваныя паліцы і тумба пад ракавіну. Каб візуальна падзяліць прастору, гаспадары імітавалі ступеністую сценку паміж вялікай кутняй ваннай і ўнітазам. Першапачаткова санвузел быў раздзельным, мяркуючы па чарцяжы з планіроўкай.
У калідоры ўбудаваны аб’ёмныя нішы-паліцы з падсветкай. Складана казаць пра іх функцыянальнасць, гэта хутчэй элемент дызайну ці выставачная прастора для прадметаў дэкору.
Спальня светлая, на столі - люстра-букет. Са спальні ёсць балкон, цалкам абабіты драўлянай вагонкай.
Ёсць яшчэ адзін вольны пакой, у якім можна арганізаваць другую спальню ці кабінет. Паміж пакояў можна заўважыць убудаваныя дзверы шафы-купэ, за якімі схавалася прасторная гардэробная.
Мяркуючы па аб’яве, у кватэры пакінуць бытавую тэхніку і мэблю. Ёсць кандыцыянер і падвал.
Агульная плошча кватэры — 71.6 кв.м.
Цана — $ 72 000.