У Гродне рыхтуюць праектную дакументацыю для рамонта моста праз Юрысдыку на вуліцы Філарэта. Восенню пройдуць грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уплыве на навакольнае асяроддзе. Яшчэ восенню 2023 года пасля абследавання моста рух на ім рэкамендавалі абмежаваць — бо знайшлі шмат праблем.
Зараз разглядаюць некалькі варыянтаў магчымых прац, заўважыў канал Urban Hrodna:
- Рэканструкцыя моста з рамонтам і ўзмацненнем існуючых бэлек пралётных збудаванняў пад нагрузкі А14 (рух аўтатранспартных сродкаў з восевай нагрузкай 14 тон на кожную вось) і НК112 (цяжкія адзіночныя колавыя транспартныя сродкі з агульнай масай 100 т);
- Рэканструкцыя з заменай існуючых бэлек пралётных збудаванняў на новыя зборныя жалезабетонныя бэлькі пад нагрузкі А14 і НК112;
- Рэканструкцыя з заменай існуючых бэлек пралётных збудаванняў на новае маналітнае пралётнае збудаванне пад нагрузкі А14 і НК112;
- Альтэрнатыўны варыянт для АУНА — «нулявы», адмова ад рэалізацыі праекта.
Цяперашні мост праз Юрысдыку — сярэдні жалезабетонны арачны мост з яздой па версе. Збудаваны ў 1993 г. Даўжыня — 59,44 м, шырыня праезнай часткі - 9,9 м, вышыня ад узроўню вады — 7,38 м.
Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уплыве будоўлі на навакольнае асяроддзе (АУНА) плануюць на верасень-лістапад 2024 г. Сход па ёй правядуць з кастрычніка па лістапад. Рашэнне па планаванай дзейнасці прымуць з лістапада 2024 па студзень 2025 г.
Замоўца рэканструкцыі моста — АУПП «Гродзенская гарадская ЖКГ». Праект распрацоўвае ТАА «Экамост».
Абследаванне моста праводзілі восенню 2023 года. Тады знайшлі шматлікія дэфекты. Каб зменшыць нагрузку на мост, рэкамендавалі абмежаваць рух на ім і нават прыбраць клумбу.
Чытайце таксама: У Гродне адрамантуюць дворык музея гісторыі рэлігіі: сцены патрэскаліся, у залы трапляе вада