Навіны

У Гродзенскай вобласці занепакоіліся бакланамі. Чыноўнікі плануюць рэгуляваць папуляцыю, бо птушкі могуць з’есці ўсю рыбу (абноўлена)

Птушкі-драпежнікі бакланы ёсць на Нёмане ля Гродна і ў ваколіцах Азёр. Пакуль чыноўнікі не фіксуюць сур’ёзных наступстваў ад птушак, але ў выпадку павелічэння колькасці бакланаў рыхтуюцца рэгуляваць папуляцыю. Hrodna.life даведаўся, ці сапраўды бакланы з’явіліся на Нёмане.

«Я памятаю бакланаў у Горадні яшчэ 20 гадоў таму. Як раз у пачатку 2004 упершыню быў на ачышчальных. Наколькі іх змянілася колькасць — тут трэба адрасаваць спецыялісту пытанне, якога проста ў нас не існуе», — патлумачыў арнітолаг для Hrodna.life. Публікацыі пра з’яўленне бакланаў ён назваў пустаслоўем.

Бакланаў стала больш

Публікацыі ў СМІ пра «з'яўленне» бакланаў на Нёмане пачаліся з каментара Аляксандра Адаменкі, намесніка старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «На дадзены момант сур’ёзных наступстваў пакуль мы не фіксіруем, таму што гэты від толькі пачаў з’яўляцца масава на тэрыторыі Гродзенскай вобласці», — заявіў ён для «Гродна Плюс».

У беларускім заканадаўстве распрацавана некалькі спосабаў рэгуляваць папуляцыю птушак. Сярод іх выманне з асяроддзя пражывання, устаноўка спецыяльных адпужвальнікаў, а таксама выманне яек з гнёздаў, пералічыў чыноўнік.

Бакланаў фіксавалі на Нёмане з 1990-х гадоў. Да гэтага яны жылі на нашых землях у XIX ст., пасля зніклі. У сярэдзіне 2010-х вялікія бакланы сталі штогод заставацца на Нёмане, па некалькі дзясяткаў птушак заставаліся ў пачатку зімы вышэй за Гродзенскую ГЭС, пакуль Нёман не замярзаў. У 2017 годзе за ГЭС, дзе вада ў Нёмане не замярзала, адкрылі сапраўды масавую зімоўку бакланаў, але не больш за 30 асобін. У 2018 там было ўжо 50−60 птушак. Зараз іх колькасць вырасла.

За сезон сярэдняя калонія з’ядае да 200 тон рыбы

Больш за ўсё птушак з’явілася побач з Гродзенскай гідраэлектрастанцыяй на Нёмане, а таксама на вадаёмах у Азёрах. Гэта непакоіць мясцовых рыбакоў, бо асноўная ежа птушак — рыба. Адзін баклан можа знішчыць за дзень да двух кілаграмаў рыбы. У абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя палічылі, што за сезон сярэдняя калонія з’ядае да 200 тон рыбы. Акрамя таго, гэты від цалкам знішчае глебу і расліннасць. Гэта звязана з тым, што ў баклана вельмі атрутны памёт з вялікай колькасцю аміяку. Літаральна за год-два месца свайго селішча бакланы знішчаюць цалкам, паведамляе «Гродна Плюс».

Раней бакланам у Беларусі адразалі клювы

Рэзанансным стаў выпадак у 2012 годзе ў Чашніцкім раёне. Тады паляўнічыя адрэзалі клювы ў каля 100 жывых птушанят бакланаў і пакінулі птушак пакутаваць. Высветлілася, што такім чынам ад налётаў бакланаў спрабавалі абараніць сваю рыбу рыбгасы.

Эколагі: прычына павелічэння папуляцыі бакланаў — людзі

Усходні Казахстан таксама сутыкнуўся з падобнай праблемай: спачатку папуляцыю бакланаў спрабавалі кантраляваць праз яйкі — іх пратыкалі. Але адстрэл птушак і разарэнне гнёздаў не прынеслі значных вынікаў.

Галоўная прычына павелічэння папуляцыі — уласна людзі, лічыць арнітолаг-фаўніст Сяргей Старыкаў. Спецыяліст адзначае, што птушкі з’яўляюцца, калі ёсць парушэнні ў балансе рыбных запасаў.

Наконт негуманных спосабаў знішчэння бакланаў выказваўся і дырэктар Кіеўскага эколага-культурніцкага цэнтру Уладзімір Барэйка. На яго думку, бакланы ўвогуле не наносяць шкоды рыбнай гаспадарцы. «У першую чаргу яны з’ядаюць хворую рыбу, яе лягчэй з’есці, чым здаровую і хуткую». Барэйка дадае, што бакланы не разносяць інфекцыі, а ў выпадку, калі з’явіцца дазвол на адстрэл птушак, паляўнічыя «хутка перастраляюць і іншыя рэдкія віды».

У некаторых рэгіёнах Расіі, дзе вялікія папуляцыі баклана пачалі ствараць праблемы, дазволілі іх адстрэл. Але гэта не змяняе сітуацыю, бо птушка непрывабная для паляўнічых і паляванне на яе хутчэй прыносіць страты, чым нейкую карысць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне прадаецца рэстаран «Сант Микеле»: прапрацаваў 2 гады

Італьянскі рэстаран "Сант Микеле" з піцамі і элементамі малекулярнай кухні выставілі на продаж. Пра прычыны…

12 мая 2025

На Юбілейным возеры ў Гродне з’явіцца «Князь Гедымін»

Для мадэрнізацыі пляжу на Юбілейным возеры купяць абсталяванне. Там з'явяцца гульнявы комплекс "Князь Гедымін" з…

12 мая 2025

У Поразаве адкрыюць Дом банкухі. Яна прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

У найбліжэйшыя месяцы ў Поразаве плануюць адкрыць Дом банкухі. Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе…

10 мая 2025

На ўліку — 30 чалавек. Міліцыя ўладковае на сезонныя працы былых зняволеных

Міліцыя Гродна адпраўляе адбыўшых пакаранне на працы ў Гродзенскую агароднінную фабрыку. Зараз на ўліку ў…

10 мая 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру на 16 паверсе з ільвом і дэкаратыўным камінам

На Дзевятоўцы прадаюць трохпакаёвую кватэру на апошнім паверсе 16-павярховага дома. Акрамя шыкоўнага выгляду на палі…

10 мая 2025

У святкаванні Дня перамогі задзейнічаюць жывёлін. Удзельнічае і каза з Гродзенскага заапарка

У акцыях на 9 траўня, прысвечаных святкаванню 80-годдзя перамогі, вырашылі задзейнічаць жывёл. Сабаку па мянушцы…

9 мая 2025