Птушкі-драпежнікі бакланы ёсць на Нёмане ля Гродна і ў ваколіцах Азёр. Пакуль чыноўнікі не фіксуюць сур’ёзных наступстваў ад птушак, але ў выпадку павелічэння колькасці бакланаў рыхтуюцца рэгуляваць папуляцыю. Hrodna.life даведаўся, ці сапраўды бакланы з’явіліся на Нёмане.
«Я памятаю бакланаў у Горадні яшчэ 20 гадоў таму. Як раз у пачатку 2004 упершыню быў на ачышчальных. Наколькі іх змянілася колькасць — тут трэба адрасаваць спецыялісту пытанне, якога проста ў нас не існуе», — патлумачыў арнітолаг для Hrodna.life. Публікацыі пра з’яўленне бакланаў ён назваў пустаслоўем.
Бакланаў стала больш
Публікацыі ў СМІ пра «з'яўленне» бакланаў на Нёмане пачаліся з каментара Аляксандра Адаменкі, намесніка старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «На дадзены момант сур’ёзных наступстваў пакуль мы не фіксіруем, таму што гэты від толькі пачаў з’яўляцца масава на тэрыторыі Гродзенскай вобласці», — заявіў ён для «Гродна Плюс».
У беларускім заканадаўстве распрацавана некалькі спосабаў рэгуляваць папуляцыю птушак. Сярод іх выманне з асяроддзя пражывання, устаноўка спецыяльных адпужвальнікаў, а таксама выманне яек з гнёздаў, пералічыў чыноўнік.
Бакланаў фіксавалі на Нёмане з 1990-х гадоў. Да гэтага яны жылі на нашых землях у XIX ст., пасля зніклі. У сярэдзіне 2010-х вялікія бакланы сталі штогод заставацца на Нёмане, па некалькі дзясяткаў птушак заставаліся ў пачатку зімы вышэй за Гродзенскую ГЭС, пакуль Нёман не замярзаў. У 2017 годзе за ГЭС, дзе вада ў Нёмане не замярзала, адкрылі сапраўды масавую зімоўку бакланаў, але не больш за 30 асобін. У 2018 там было ўжо 50−60 птушак. Зараз іх колькасць вырасла.
За сезон сярэдняя калонія з’ядае да 200 тон рыбы
Больш за ўсё птушак з’явілася побач з Гродзенскай гідраэлектрастанцыяй на Нёмане, а таксама на вадаёмах у Азёрах. Гэта непакоіць мясцовых рыбакоў, бо асноўная ежа птушак — рыба. Адзін баклан можа знішчыць за дзень да двух кілаграмаў рыбы. У абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя палічылі, што за сезон сярэдняя калонія з’ядае да 200 тон рыбы. Акрамя таго, гэты від цалкам знішчае глебу і расліннасць. Гэта звязана з тым, што ў баклана вельмі атрутны памёт з вялікай колькасцю аміяку. Літаральна за год-два месца свайго селішча бакланы знішчаюць цалкам, паведамляе «Гродна Плюс».
Раней бакланам у Беларусі адразалі клювы
Рэзанансным стаў выпадак у 2012 годзе ў Чашніцкім раёне. Тады паляўнічыя адрэзалі клювы ў каля 100 жывых птушанят бакланаў і пакінулі птушак пакутаваць. Высветлілася, што такім чынам ад налётаў бакланаў спрабавалі абараніць сваю рыбу рыбгасы.
Эколагі: прычына павелічэння папуляцыі бакланаў — людзі
Усходні Казахстан таксама сутыкнуўся з падобнай праблемай: спачатку папуляцыю бакланаў спрабавалі кантраляваць праз яйкі — іх пратыкалі. Але адстрэл птушак і разарэнне гнёздаў не прынеслі значных вынікаў.
Галоўная прычына павелічэння папуляцыі — уласна людзі, лічыць арнітолаг-фаўніст Сяргей Старыкаў. Спецыяліст адзначае, што птушкі з’яўляюцца, калі ёсць парушэнні ў балансе рыбных запасаў.
Наконт негуманных спосабаў знішчэння бакланаў выказваўся і дырэктар Кіеўскага эколага-культурніцкага цэнтру Уладзімір Барэйка. На яго думку, бакланы ўвогуле не наносяць шкоды рыбнай гаспадарцы. «У першую чаргу яны з’ядаюць хворую рыбу, яе лягчэй з’есці, чым здаровую і хуткую». Барэйка дадае, што бакланы не разносяць інфекцыі, а ў выпадку, калі з’явіцца дазвол на адстрэл птушак, паляўнічыя «хутка перастраляюць і іншыя рэдкія віды».
У некаторых рэгіёнах Расіі, дзе вялікія папуляцыі баклана пачалі ствараць праблемы, дазволілі іх адстрэл. Але гэта не змяняе сітуацыю, бо птушка непрывабная для паляўнічых і паляванне на яе хутчэй прыносіць страты, чым нейкую карысць.