У дворыку на вуліцы Савецкай, 5 з’явілася новая ўстанова — бар «Дзічка». Ён спецыялізуецца на аўтарскіх кактэйлях. Пры гэтым меню напояў аформлена па-беларуску: знаходзім у ім «Ледзі з Парыжу», «Пацалунак свежасці» і іншыя арыгінальныя назвы. Бар знаходзіцца побач з кавярняй «Джэзва».
Ёсць кактэйлі з кальвадосу і сідр з чорнай парэчкі
Галоўная адметнасць «Дзічкі» — кактэйлі. Пакуль у меню восем аўтарскіх і пяць класічных напояў. Падаюць кактэйлі з кальвадосам, тэкілай і ромам — усе пазіцыі па 15 руб.
Напрыклад, сярод аўтарскіх кактэйляў — «Ледзі з Парыжу»: у напоі спалучаецца джын, вермут, лаванда і лімон. Іншы, «Дзікае сэрца», робіцца на аснове вішнёвай настойкі і лімону, у дадатку — бялок.
Сярод класічных кактэйляў бар прапануе «Порнстар», «Мезодзі шпрыц», «Мезодзі тонік», «Крывавую Мэры» і «Негроні».
Ёсць у «Дзічцы» чатыры віда сідру: вішнёвы, грушавы, з чорнай парэчкі і журавінаў за 6,5 руб., а таксама настойкі за 5 руб.
Распрацавана і меню закусак: спрынг-ролы з крэветкамі, гароднінай або курыцай — цана ад 10 да 13 руб. Ёсць некалькі відаў фрэнч-тостаў: з пепероні, курыцай і ласосем — усё па 15 руб.
Уладальнікі: «Дзічка — пра цеплыню моманту»
«Ты прыйдзеш да нас і адчуеш, што цябе тут добра, зразумела і, быццам бы, ужо знаёма. Дзічка — пра цеплыню моманту, сустрэч і сяброўскіх вячорак, — напісалі ўладальнікі ў Instagram-акаўнце ўстановы.
Бар «Дзічка» працуе ўвесь тыдзень. У пятніцу і суботу з 17:00 да 04:00, а ў астатнія дні з 17:00 да 02:00.