Навіны

У драмтэатры Гродна 4 гады няма галоўнага рэжысёра. Чаму стала складана знайсці работнікаў культуры?

Сем вакансій для рэжысёраў адкрыты ў Гродне. У тым ліку шукаюць галоўнага рэжысёра ў Гродзенскі драмтэатр. Усяго ў вобласці адкрыты больш за 40 вакансій для рэжысёраў. Таксама ў культуры шукаюць акцёраў, гукавікоў, мастакоў. Рэдакцыя Hrodna.life спытала ў рэжысёра В. Шэрага, адкуль такі крызіс.

Галоўнага рэжысёра ў Гродне шукаюць на стаўку. За шасцідзёнку з 10.00 па 13.00 і з 18.00 па 21.40 яму заплацяць 700−900 рублёў. Па 626−750 рублёў гатовыя плаціць проста рэжысёрам. Аднаго з іх шукаюць у Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Рэжысёра, асістэнта і гукарэжысёра — у аблфілармонію. Чатыры рэжысёры і аднаго асістэнта — у Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры.

Галоўнага рэжысёра, мяркуючы па ўсім, у аблдрамтэатры няма з 2020 года. Тады пасля дзвюх вымоў звольнілі галоўнага рэжысёра Генадзя Мушперта і рэжысёра-пастаноўшчыка Сяргея Курыленку. Неўзабаве на замену Курыленка са Слоніма прыйшоў Сяргей Яскевіч. А галоўнага рэжысёра так і не знайшлі. З розных тэатраў таксама звольнілі ці не працягнулі кантракт двум дзясяткам акцёраў.

Недавучкі не цягнуць

Рэжысёры ўцяклі ад ідэалагічнага ціску, тлумачыць былы рэжысёр з Гродна. Частка з’ехала ў эміграцыю, частка — сышла ва ўнутраную эміграцыю. Значнай частцы людзей творчых прафесій негалосна забаранілі працаваць. Іх проста не ўзгадняюць у аддзелах культуры. Пра тое, што прычынай становіцца «ідэалогія», кажуць у кулуарах.

 — Дзіркі спрабавалі заткнуць недавучкамі, без творчай і грамадзянскай пазыцыі яшчэ па пратэстах 2020-га года, але вось прйшоў час, а эксперымент не прайшоў. Не цягнуць. Адмоўная селекцыя заўсёды дае адмоўныя вынікі. А рэжысёр (і любы творца) мусіць быць пасіянарыем, іначай ён няздольны на прафесію.

Спікер сцвярджае, што сапраўды творчыя людзі, нават калі засталіся ў Беларусі, на пасаду не рвуцца — заробак нізкі, а творчасць кастравана.

Такая тэндэнцыя была і раней, проста была менш бачнай. У тым ліку і ў гэтым складанасць падбору галоўнага рэжысёра ў драмтэатры.

 — Галоўны Рэжысёр — чалавек, які разумее рэжысёрскую працу на ўзроўні майстра, але пры гэты яшчэ і адміністратар нядрэнны. Ён не толькі адказвае за творчую стратэгію тэатра, а і вядзе перамовы унутраных аддзелаў (дэкаратарскі, пашывачны, тэхнічны цэхі, акторская трупа і інш), і знешнюю камунікацыю па творчай лініі. Годных кандыдатаў на пасаду ў Драмтэатры было заўсёды багата. Але… Ад прыканца 90-х пачаўся кантроль з боку ўлады за ідэалагічным складнікам. І панеслася. Ніколі больш за чатыры гады ніводзін рэжысёр не займаў гэтае пасады. Менавіта праз аддзел культуры аблвыканкама.

Недахоп рэжысёраў прывядзе да таго, што пастановак будзе менш, а яны будуць менш якаснымі.

Не хапае акцёраў і мастакоў

Таксама ў Гродзенскі аблдрамтэатр працаўладкуюць артыста драмы, галоўнага мастака па святле, мастака па святле і мастака-пастаноўшчыка.

У Тэатры лялек ёсць вакансіі для трох акцёраў і яшчэ 17 чалавек. Сярод іх — намеснік дырэктара, галоўны мастак, мастак-дэкаратар, асвятляльнік, загадчык музычнай часткі, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі. Заробкі рэдка даходзяць да 1000 рублёў. Як правіла, патрабуюцца спецыялісты на 0,5 стаўкі - ім будуць плаціць каля 300 рублёў.

У Гродзенскім гарадскім Цэнтры культуры адкрыта 39 вакансій. Сярод іншага, арганізацыя мае патрэбу ў канцэртмайстры, балетмайстры, акампаніятары.

У аблфілармоніі - 33 вакансіі. Тут шукаюць галоўнага рэжысёра, дзевяць артыстаў рознага профілю і іншых супрацоўнікаў.

Сыходзілі акцёры, тэхнікі, святлавікі

Знайсці акцёраў і артыстаў не могуць па тых жа прычынах, што рэжысёраў, лічыць былы рэжысёр. Тэхнічныя супрацоўнікі таксама сыходзілі ў апошні час у вялікай колькасці. Іх замяняюць студэнтамі, учарашнімі студэнтамі, тэхнікамі, «якім лянота шукаць працу з высокім допускам».

 — Нізкія заробкі - з пагарды ўлады да культуры, і, як ні парадаксальна, ад страху. Для вертыкалі кіравання, гэта небяспечная бомба, якая мусіць быць, але можа і выбухнуць. А яе трэба кантраляваць. Таму гадамі з працаўнікоў культуры робяць рабоў, ставяць у ўскрайнія ўмовы існавання, каб думалі пра паесці, а не пра «чалавечыя каштоўнасці».

Таму рэжысёр чакае заняпаду культуры і мастацтва на ўзроўні соцыума і дзяржавы. «Усё, што дазваляецца вертыкаллю кіравання — будзе губляць якасць, колькасць, сэнсавы кошт і прывабнасць для спажыўца культуры, кім бы ён ні быў».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Да 2030 года ў Гродне павінна была з’явіцца кальцавая дарога, але планы зацягнуліся

Будаўніцтва вялікага аб'язнога кальца пачалі яшчэ ў 2012 годзе. Меркавалася, што магістраль вызначыць развіццё горада…

27 снежня 2024

У ГрДУ будуць кантраляваць студэнтаў з дапамогай сістэмы распазнання твараў

Сістэма заснавана на нейрасетцы. Для яе навучання выкарыстоўвалі базу фатаграфій электронных пропускаў студэнтаў. З дапамогай…

27 снежня 2024

На рэйсах Гродна-Мінск замест маршрутак з’явіліся вялікія аўтобусы

Кітайскія аўтобусы Zhong Tong на 53 пасажыры замянілі частку маршрутак на рэйсах Гродна-Мінск. Перавозкі ажыццяўляе…

27 снежня 2024

Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката з Гродна — раней ён служыў у КДБ

Ліцэнзіі пазбавілі гродзенскага адваката Аляксандра Басалая. На думку Кваліфікацыйнай камісіі, Басалай не можа працягваць працу…

26 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру з пастаральным інтэр'ерам

Двухпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Рамонт у ёй выкананы ў светлых адценнях з…

26 снежня 2024

У Гродзенскай вобласці часова адмянілі мясцовы збор за перасячэнне мяжы

З 1 студзеня 2025 года можна будзе перасякаць граніцу Беларусі ў пунктах пропуску на тэрыторыі…

26 снежня 2024