Сырны фестываль — 2024 у Гродне пройдзе на Савецкай плошчы 7 верасня, на другі дзень святкавання Дня горада. Запланавана дэгустацыя сыроў для ўсіх ахвотных, выступленні дзяржаўных артыстаў, велатрэк і іншыя актыўнасці.
З’есці сыр і паслухаць Тэа
Арганізатары абяцаюць «шмат сыру». Гродзенцы змогуць паўдзельнічаць у «народнай дэгустацыі» сыроў і майстар-класах ад прафесійнага шэф-кухара. Для дзяцей на фэсце рыхтуюць гульні і конкурсы, а для аматараў актыўнага адпачынку — велатрэк. На свяце абяцаюць нават віртуальную рэальнасць. Вядоўцамі музычнай часткі праграмы будуць Тэа і Вольга Рыжыкава. Пачатак свята ў 11 раніцы.
Што вядома пра фестываль
Фестываль сыру, які ладзіцца з 2013 года, ужо стаў традыцыйнай часткай святкавання Дня горада ў Гродне.
У фэсце ўдзельнічаюць прадпрыемствы з усёй краіны. Напрыклад, у 2017 годзе былі прадстаўлены 63 віды сыроў ад 27 заводаў Беларусі. Наведвальнікаў штогод уражваюць фігуркамі, зробленымі з сыру. Часам форма «скульптур» прысвечана тэматычным святам. Магчыма, сёлета з’явяцца сырныя інсталяцыі да 80-годдзя Гродзенскай вобласці, якая была ўтворана 20 верасня 1944 года. Пакуль арганізатары не спяшаюцца раскрываць усе дэталі.