Міністэрства культуры адрэагавала на скаргу наконт шкоднага рамонту знакамітага касцёла ў Гервятах. Аказалася, што працы праводзілі незаконна.
У канцы ліпеня стала вядома, што ў знакамітым касцёле ў Астравецкім раёне рамантуюць фасады. На рамонт звярнуў увагу Telegram-канал «Спадчына»: маўляў, цамент, які наносілі на цэглу, шкодзіў будынку.
Адзін з каментатараў канала выказаў здагадку, што працы робяць без дазволу і заклікаў пісаць пра магчымае парушэнне ў Міністэрства культуры.





Мінкульт: «Работы на касцёле прыпынены»
У пачатку жніўня Мінкульт даслаў афіцыйны адказ на зварот — рамонт касцёла ў Гервятах праводзіўся незаконна.
«Работы на касцёле прыпынены да распрацоўкі неабходнай дакументацыі, на падставе якой будуць выконвацца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ва ўстаноўленым парадку», — паведамляецца ў дакуменце.
За час рамонту касцёл амаль перафарбавалі
Неагатычны касцёл у Гервятах з’яўляецца помнікам архітэктуры мяжы XIX і XX стагоддзяў. У час рамонту касцёл перафарбавалі ў іншае адценне — пабачыць арыгінальны колер цаглін можна ў невялікім зандажы. Будаўнічыя рыштаванні на вежы і ля ўваходу ў касцёл стаяць як мінімум два гады.