Хот-дог на 700 грам і памерам з руку (50 см) можна пакаштаваць у Гродне. Аўтар відэа, якое апублікавалі ў TikTok і Instagram, сцвярджае, што гэта самы вялікі хот-дог у горадзе.
— Гатуюць яго на свежай булачцы, якую запякаюць у печы пры тэмпературы 500 градусаў. Выкарыстоўваюць толькі свежую гародніну і самыя лепшыя інгрэдыенты. Унутраную частку змазваюць фірмовымі аўтарскімі соусамі, — распавёў аўтар.
Булку запякаюць у неапалітанскай печы — яна атрымліваецца хрумсткай. У хот-дог таксама ўваходзіць пармская вяндліна, памідоры, лісце салаты. Зверху дадаюць звычайны сыр і сыр з цвіллю. Каштаваць ён будзе 12−15 рублёў, пішуць у каментарах.
Гатуюць яго ў фудтраке WoodFiredPizza на Ціміразева, 10 каля «Еўраопта». Ён з’явіўся ў канцы ліпеня. У меню, акрамя хот-догаў, ёсць піцы і ляпёшкі да 20 рублёў. Побач з фудтраком ёсць некалькі невялікіх столікаў, дзе можна прысесці. Прасоўваюць фудтрак з дапамогай вірусных відэа ў сацсетках.
У каментарах абураюцца, чаму шэф гатуе без пальчатак, а ў іншым профілі адзначаюць, што прыехалі ў 11 раніцы паспрабаваць хот-дог — а было зачынена. Хоць па раскладзе фудтрак працуе з 9.00.
Адкрыў установу Уладзіслаў Дарошка, саўладальнік рэстарана «Сант Мікеле». У 2021 годзе ён стаў найлепшым шэфам Беларусі, напісана ў яго ў профілі.
Чытайце таксама: Ад 4 да 12 рублёў. Дзе з’есці фалафель у Гродне — шарыкамі, у лавашы, у тарціллі і ў бургеры