Алеся Кіркевіча 2 жніўня прызналі вінаватым паводле двух «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Яму прызначылі сем гадоў узмоцненага рэжыму са штрафам у 600 базавых велічынь (24 000 рублёў). У яго канфіскуюць траціну дома ў Віцебскай вобласці.

Алеся Кіркевіча прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361−4 КК і ч.2 арт. 361−4 КК. Завочна Кіркевіча ўзялі пад варту. Тэрмін адбыцця пакарання будуць вылічваць з дня яго фактычнага затрымання. Цяпер Алесь знаходзіцца за мяжой.

Доказ — раздрукаваныя артыкулы

Рэчавыя доказы будуць захоўваць у справе. Імі палічылі два CD-R дыска з аўдыё і відэаролікам з назвай: «Бондарева-юродивая. Автор проекта „Трызуб і Пагоня“ о ситуации с беларусским языком/ Мова нанова».

А яшчэ — раздрукаваныя артыкулы з «Белсат» «Идём в сторону Северной Кореи: хвалить режим и искать шпионов. Беларусские гиды — о новых требованиях» і «Радыё Свабода» — «Алесь Кiркевiч: «У сёньняшняй Беларусi надышоў максымальна неспрыяльны час для стварэння беларусскага кантэнту».

Частку дома забяруць

Арыштаваная маёмасць — 1/3 долі дом у вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці - звернуць у кошт штрафу. З тэлефона і сістэмнага блока арышт знялі.


Працэс супраць гродзенскага журналіста, пісьменніка, былога палітвязня і гісторыка Алеся Кіркевіча распачалі 29 сакавіка. «Гэта толькі пачатак і перспектыва для вялікай колькасці беларускіх эмігрантаў, — пракаментаваў тады для Hrodna.life Алесь Кіркевіч. — Логіка не ў тым, хто і што зрабіў супраць дзяржавы і наколькі гэта „страшна“. Логіка матэрыяльная. Узяць у якасці кампенсацыі за ўяўную шкоду кватэры, дома, машыны… Гэта тысячы адзінак нерухомасці. Гэта толькі пачатак».