У Мінску за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку з Гродзеншчыны. У Гродне ліквідуюць габрэйскі фонд «Кіслеў» і міжнароднае навукова-тэхнічнае грамадскае аб’яднанне «Кантэнант». Вользе Вялічцы вынеслі завочны прысуд — дзевяць гадоў калоніі і штраф. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 29 ліпеня па 4 жніўня.
У Мінску за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку з Гродзеншчыны
У судзе Кастрычніцкага раёна сталіцы нядаўна па адной крымінальнай справе асудзілі дзвюх жанчын — маці і дачку. Ім вынеслі прысуд за ўдзел у пратэстах па «народным» артыкуле. Вядома пра гэта стала з раскладу суда.
Наталля Ганіберзіна і Мілана Мельнік былі асуджаныя ў судзе Кастрычніцкага раёна сталіцы паводле ч.1 арт. 342 КК за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Звычайна гэты артыкул ставяць у віну ўдзельнікам мірных пратэстных маршаў 2020 года, паведамляе «Зеркало».
46-гадовая Наталля родам з Ліды, па прафесіі яна цырульнік. Яе 25-гадовая дачка Мілана скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і працавала настаўніцай англійскай мовы ў сталіцы, а цяпер выкладае анлайн. Верагодна, абедзве жанчыны жывуць у Гродне.
Які прысуд вынеслі сям'і, невядома. Мяркуючы па сацсетках, прынамсі ў Міланы ён не звязаны з пазбаўленнем волі: яна працягвае весці сваю старонку. А вось у акаўнце яе маці няма ніводнага паста з верасня 2023 года.

Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя
TikTok-акаўнт «sport278» і яго лагатып прызнаў экстрэмісцкімі суд Лідскага раёна 24 ліпеня 2024 года.
Новыя «экстрэмісты»
Кулікоў Аляксей Вітальевіч, Пацэнка Вадзім Андрэевіч, Якіменка Андрэй Канстанцінавіч, Багатырэвіч Вадзім Андрэевіч з Гродна, Шведаў Фёдар Пятровіч з Ашмянскага раёна 2 жніўня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
Былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў атрымаў Медаль Няскораных
Дзмітрый Фурманаў, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, атрымаў Медаль Няскораных імя Ларысы Геніюш. Ён прысуджаецца за «значныя заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды».
Пра гэта заявілі ў час трэцяй канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні, піша «Свабода».

Ігара Банцэра дапыталі па справе са зброяй. Ён будзе чакаць выкліку ў суд
Былы палітзняволены музыкант Ігар Банцэр прайшоў допыт па справе яго затрымання са зброяй у Міністэрстве сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве. Гэта лічыцца працэсуальнымі дзеяннямі дасудовага характару. Ігар не пагадзіўся з выстаўленымі артыкуламі. Ён будзе чакаць выкліку ў суд.

Блогер Vadimati апублікаваў першае фота пасля калоніі
Былы палітвязень Вадзім Ермашук раніцай 3 жніўня апублікаваў першае фота ў сваім акаўнце ў Instagram пасля вызвалення з калоніі. Мужчына пакінуў фота без подпісу. За дзве гадзіны яно набрала 500 лайкаў і 50 каментароў.

Вользе Вялічцы вынеслі завочны прысуд — 9 гадоў калоніі
Былой дырэктарцы Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вользе Вялічцы 2 жніўня вынеслі прысуд — дзевяць гадоў пазбаўлення волі і штраф 12 000 рублёў (300 базавых велічынь). Таксама Вялічка на пяць гадоў пазбаўленая права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў і юрыдычна значных дзеянняў.

У Гродне ліквідуюць яўрэйскі фонд «Кіслеў»
Пасяджэнне аб ліквідацыі мясцовага культурна-асветніцкага дабрачыннага фонду «Кіслеў» пройдзе 16 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе. Таксама ліквідуюць міжнароднае навукова-тэхнічнае грамадскае аб’яднанне «Кантэнант» у Смаргоні. Суд пройдзе 8 жніўня.
