Прадпрымальнік заснаваў у Гродне і Мінску сетку фітнэс-клубаў. Каб пазбегнуць выплаты падаткаў, ён раздрабіў бізнэс на некалькі частак. За тры гады мужчына недаплаціў больш за паўмільёна рублёў і патрапіў пад увагу дзяржкантролю. Hrodna.life паспрабаваў высветліць, якія фітнэс-клубы належылі бізнэсмэну. 

Не даплацілі амаль 600 тыс. рублёў падаткаў

Супраць прадпрымальніка ўзбуджана крымінальная справа УДФР Гродзенскай вобласці. Падчас ператрусаў супрацоўнікі Камітэта дзяржнаўнага кантролю (КДК) канфіскавалі дакументы і чарнавыя запісы, якія ўказвалі на супрацьпраўную дзейнасць уладальніка сеткі фітнэс-клубаў. 

Згодна з імі, мужчына раздрабіў бізнэс, каб выплачваць падаткі па спрошчанай схеме. Вядома, што ў Мінску мужчына дадаткова зарэгістраваў пяць падкантрольных кампаній. Паміж імі ён фіктыўна размяркоўваў выручку, якую атрымліваў ад асноўнай фірмы. 

За тры гады драблення бізнэсу арганізацыя недаплаціла больш за 580 тыс. рублёў у кошт падаткаў, паведамілі ў КДК. 

На маёмасць падазраванага накладзены арышт, ідзе папярэдняе следства.

У чарговую трэнажорную залу інвеставалі $350 тыс. 

На здымках, апублікаваных КДК, бачна назва сеткі фітнэс-клубаў у Мінску — гэта спартыўныя залы «Gym 24». 

Як і адзначалася ў матэрыялах справы, усяго залаў пяць. Частка з іх знаходзяцца ў цэнтры горада, астатнія – у спальных раёнах. 

Першы «Gym 24» адкрыўся ў 2018 годзе. Тады ён уражваў сваёй тэхналагічнасцю: абанемент набываўся выключна анлайн,  трапіць унутр залы можна было праз біяметрыю — спецыяльныя ўстанова сканавала пальцы наведвальнікаў. Адзначыўся першы зал і тым, што ён працаваў кругласуткава. 

Інвестарамі «Gym 24» сталі бізнэсмэны з Літвы — Аданіс Грыгаравічус і Арвідас Рэпшас. 

Падчас адкрыцця апошняга філіяла на Машэрава 17/3 у 2023 годзе супрацоўнікі адзначалі — інвестыцыі ў новы зал «можна ацаніць у $350 тысяч долараў». 

Hrodna.life паспрабаваў высветліць, якія фітнэс-клубы належылі бізнэсмэну ў Гродне, але адпаведнай інфармацыі не знайшоў. 

Чытайце таксама: Гродзенскі бізнэсовец Віктар Рукша выйшаў на волю