Навальніца, якая прайшла над Гродзеншчынай 28 ліпеня, паваліла 39 дрэў у Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Воранаўскім, Гродзенскім, Дзятлаўскім, Лідскім, Мастоўскім, Навагрудскім, Ашмянскім, Свіслацкім, Слонімскім, Шчучынскім раёнах і ў Гродне. Пра гэта расказалі ў прэс-службе Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.
Адно з дрэў пашкодзіла аўтамабіль у Гродне. Іншае — прабіла дах дачы ў садовым таварыстве «Хімік». У Слоніме пашкодзіла дах прыватнага дома. Ад ветру ў Гродне пацярпелі таксама прыпынкі і агароджы.
Электрычнасць адключалася ў 67 населеных пунктах вобласці.
Моцны вецер стаў прычынай разбурэнняў таксама ўвечары ў пятніцу, 26 ліпеня. У Навагрудскім раёне сарвала дахі ў 30 дамах, адключалася электрычнасць у дамах, на фермах, у магазінах і адной амбулаторыі.
МНС нагадвае, што ў выпадку шквалістага ўзмацнення ветру трэба шчыльна зачыняць вокны і дзверы. З двара, адкрытых балконаў і лоджый варта прыбраць рэчы, якія могуць нанесці шкоду, калі іх панясе або перакуліць вецер. Машыну лепш паставіць у гараж, а калі яго няма — прыпаркаваць далей ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый. Калі ў ветранае надвор’е вы знаходзіцеся на вуліцы, абыходзіце навясныя збудаванні, надламаныя галіны дрэў і лініі электраперадач. Ад паездак на асабістых аўтамабілях і працяглага знаходжання на вуліцы варта ўстрымацца. Калі ўзнікнуць пагрозы для жыцця або здароўя, звяртайцеся ў службу выратавання па тэлефонах 101 ці 112.