У Беларусі 66 гасцініц, хостэлаў і санаторыяў прайшлі сертыфікацыю і атрымалі адпаведныя ўзроўню і абсталяванню «зорачкі». Найменш сертыфікаваных месцаў размяшчэння — у Гродзенскай вобласці. Hrodna.life паглядзеў, якія гасцініцы рэгіёна атрымалі адзнаку.
Адзіны ў краіне санаторый, які атрымаў пяць «зорачак» — у Гродзенскай вобласці
Гродзенская вобласць мае толькі тры сертыфікаваных установы: гасцініцы «Славія» і «Турыст» у Гродне і санаторый прэміўм-класа «Альфа Радон» у Дзятлаўскім раёне.
«Альфа Радон» атрымаў усе пяць «зорачак». Гэта адзіны ў краіне санаторый з такой высокай адзнакай. Ён прапануе восем праграм па аздараўленню, у тым ліку для дзяцей. Сярод лячэбных профіляў: уралогія, педыятрыя, эндакрыналогія і кардыялогія. Ёсць у санаторыі і спа-паслугі.
Ноч у аднамесным нумары «Альфа Радон» абыйдзецца ў 260 рублёў. Амаль у тры разы даражэй — 850 рублёў, каштуе ноч у асобным гасцявым доме на тэрыторыі санаторнага комплексу.
Тры «зорачкі» атрымала гасцініца «Славія» на вуліцы Маладзёжнай. «Славія» прапануе гасцям 24 нумары і 20% зніжку ў аднайменным кафэ, размешчаным у будынку гасцініцы. Ноч у стандартным нумары «Славіі» каштуе 130 рублёў, у люксе — 170.
У гасцініцы «Турыст» на праспекце Янкі Купалы таксама тры «зорачкі». Згодна з сайтам гасцініцы, для гасцей прадугледжана шмат дадатковых паслуг: экскурсіі, канферэнц-зала, сейф, камера захоўвання, у будынку працуюць абмен валют, рамонт адзення і цырульня.
Стандартны нумар на адну асобу ў «Турысце» каштуе 90 рублёў, аднамесны нумар вышэйшай катэгорыі — 190 рублёў.
Як беларускім гасцініцам выдаюць «зорачкі»
Гасцініцы ацэньваюць згодна з дзяржаўным стандартам, які ўступіў у сілу 1 кастрычніка 2020 года. Класіфікацыя праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку ацэньваюць нумары і грамадскія зоны гасцініцы, яе тэхнічны стан і абсталяванне. Далей балы атрымлівае персанал. На падставе атрыманых балаў спецыяльная камісія агучвае канчатковую адзнаку.
Летась улады планавалі ўвесці абавязковую сертыфікацыю гасцініц, але пакуль яна застаецца добраахвотнай. Паводле стану на ліпень 2024 афіцыйнае пацвярджэнне сваёй катэгорыі атрымалі 11% ад агульнай колькасці месцаў размяшчэння, піша БелТА.
Лідарам стаў Мінск — «зорачкі» атрымалі 33 установы. У Мінскай вобласці такіх усяго пяць, у Брэсцкай — дзевяць, у Віцебскай і Магілёўскай — шэсць, у Гомельскай — чатыры.
Чытайце таксама:
- Для заможных турыстаў: колькі каштуюць самыя дарагія кватэры на суткі ў Гродне
- Для эканомных турыстаў: колькі каштуюць самыя танныя кватэры на суткі ў Гродне
У гасцініцах і санаторыях Гродзеншчыны спыняецца больш за 300 тысяч чалавек у год
Пры невялікай колькасці сертыфікаваных гасцініц Гродзенская вобласць застаецца самым папулярным турыстычным напрамкам. Тут засяроджана 70% гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Паводле чыноўнікаў турыстычнай галіны, Гродзенскую вобласць у 2023 годзе наведала больш за 1 млн беларускіх і замежных турыстаў і экскурсантаў.
За мінулы год паслугамі гасцініц і хостэлаў вобласці скарысталіся 180 тысяч чалавек, яшчэ 125,1 тысяч спыняліся ў санаторыях і іншых спецыялізаваных месцах размяшчэння. Яшчэ 82,4 тысячы наведвальнікаў пабывалі ў аграсядзібах.