На будынку беларускай крамы Kropka ў Вільні ўначы 28 ліпеня невядомыя напісалі «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Надпіс зроблены на літоўскай мове. Акрамя гэтага, у краме разбілі акно, паведамляе «Новая газета. Балтия».

Магазін беларускіх сувеніраў і сімволікі ў цэнтры Вільні па адрасе Savičiaus g. 6 адкрыў былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў і яго жонка Вольга. Пара працуе ў тым ліку з майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь.

Адна з версій, якую абмяркоўваюць у сацсетках — гэта тое, што правакацыю зладзілі беларускія спецслужбы. За апошні час невядомыя зрабілі некалькі правакацыйных надпісаў на помніках і будынках Вільні.

— Я мяркую, што гэта правакацыя лукашыстаў, — паведаміў карэспандэнту «Новая газета. Балтия» гаспадар крамы Дзмітрый Фурманаў.

Ён таксама распавёў, што ў паліцыі ёсць відэазапіс інцыдэнту. Камера зафіксавала чалавека, які пасля здзейсненага зрабіў фатаграфію.

Па словах уладальнікаў крамы, акрамя надпісаў і разбітага шкла больш пашкоджанняў няма. На месцы здарэння працуе паліцыя.

Чытайце таксама: Былы палітвязень і яго жонка з Гродна адкрываюць у Вільні краму і творчую прастору (абноўлена)