Сяміпавярховы будынак гасцініцы, які застаўся Смаргоні ў спадчыну ад Савецкага Саюза, спрабуюць прадаць ужо чатыры гады. Гасцініца па дакументах праходзіць як незавершанае будаўніцтва.
Яна знаходзіцца на пр-т Індустрыяльны, д. 12. У ёй сем паверхаў і 7834,3 м² агульнай плошчы. Ніякіх камунікацый няма. Знаходзіцца будынак на балансе Смаргонскага райвыканкама.
«Унутры даволі паныла, голыя сцены і смецце», — апісвалі месца яшчэ ў 2014 годзе. З тых часоў мала што змянілася.
На папярэдніх аўкцыёнах зямельны ўчастак прапаноўвалі выкарыстоўваць для будаўніцтва і абслугоўвання вытворчага або адміністрацыйна-дзелавога будынка. Недабудаваны аб’ект можна было знесці.






Навошта ў Смаргоні такая вялікая гасцініца?
У савецкі час каля гасцініцы збіраліся ўзвесці філіял Мінскага трактарнага завода. Там хацелі працаўладкаваць 7000 чалавек. А да 2000 года — давесці насельніцтва Смаргоні да 100 тысяч чалавек. Будаўнікі паспелі ўзвесці ў чыстым полі траціну ад запланаваных цэхаў, а таксама некалькі панэльных дзевяціпавярховак, школу, універсам і дзіцячы сад. Сяміпавярховую гасцініцу на Індустрыяльным праспекце — шырокай магістралі, якая звязвае Смаргонь з прамзонай — дабудаваць не паспелі.