Шкляны катэдж, які павінен знешне нагадваць хмарачос Нью-Ёрка, некалькі гадоў таму пачаў будаваць пад Гроднам мясцовы жыхар Сяргей. Але ў 2022 годзе будоўля прыпынілася — ва ўладальніка скончыліся грошы. Ён расчараваны вынікам сваёй працы і кажа, што зараз рабіў бы ўсё па-іншаму. Магло б выйсці ў два разы танней. Недабудаваны дом Сяргей хоча прадаць, піша Onliner.by.
Сяргей жыве ў Верцялішках пад Гроднам каля 40 гадоў. Калі ён выйшаў на пенсію, то захацеў пабудаваць сабе дом. Але звычайныя варыянты падаваліся нецікавымі. У 2016 годзе ён вырашыў пабудаваць катэдж са шкла і металу — па тэхналогіі будаўніцтва сучасных хмарачосаў.
Як «Вежа Трампа», толькі менш
Натхняўся Сяргей хмарачосам Дональда Трампа ў Нью-Ёрку, а дакладней яго ступеністым фасадам. Архітэктурнае бюро ў Мінску з такім праектам не справілася. Тады Сяргей звярнуўся ў кампанію з Ніжняга Ноўгарада, дзе праект зрабілі за паўгода. Атрымаўся невялікі, але незвычайны дом на 60 кв.м.

У аснове тэхналогіі ляжаць ЛСТК — лёгкія сталёвыя танкасценныя канструкцыі. Гэта нагадвае каркаснае домабудаванне, але шкілет будынка збіраюць не з дрэва, а з металапрофілю.




Паводле дакументаў - не дом, а гаспадарчая пабудова
Устаноўка знешняй каробкі для будучага «хмарачоса» заняла ў мужчыны каля 3—4 месяцаў. Але потым аказалася, што спецыяльнае фасаднае шкло для гэтага праекта будзе надта дарагім. У Сяргея пачаліся праблемы з фінансамі. Цяпер дом гатовы толькі на 30%. Работы ўнутры практычна не пачыналіся.

Да будынка падведзены камунікацыі: электрычнасць і вада. Ацяпляецца дом з дапамогай катла, які працуе на газавых балонах. Паводле дакументаў «хмарачос» з’яўляецца звычайнай гаспадарчай пабудовай, так што пракласці да яе газавую трубу ці вадаправод нельга.



Колькі каштуе шкляны дом пад Гроднам?
Будоўля прыпынілася ў 2022 годзе. З таго часу Сяргей шукае фундатара, які дапамог бы скончыць праект. Таксама ён гатовы прадаць катэдж: дом можна без праблем разабраць і перавезці. «Хмарачос» Сяргея каштуе $ 20 000, але можна пагандлявацца.
— На дадзены момант я лічу гэты праект няўдалым. Ён каштуе занадта дорага. Гэта была вялікая рызыка, і яна не апраўдала маіх чаканняў. Калі б я ўзвёў унутраную частку са звычайных будматэрыялаў (газасілікатных блокаў ці цэглы), атрымалася б у два разы танней. Вонкавы контур можна было пакінуць ранейшым — з металапрофілю і фасаднага шклення. Атрымалася б такая цукерка з прыгожай абгорткай. Шкада, што гэтая ідэя ўзнікла ў маёй галаве занадта позна. Цяпер я б усё зрабіў інакш, — падсумаваў Сяргей.
Чытайце таксама: