Музею сучаснага мастацтва «Эрарта» у Санкт-Пецярбургу прад’явілі абвінавачанне ў прапагандзе нацызму. Прычынай стаў лозунг «Жыве Беларусь» на сцяне пад адной з карцін у экспазіцыі музея.
Згодна з пратаколам, 6 траўня 2024 года заўважылі надпіс «Жыве Беларусь!» чырвонага колеру пад карцінай «Фестываль» гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча. Гэта расцанілі як прапаганду нацызму. Эксперты прыйшлі да высновы, што лозунг быў сімвалам 13 Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30 грэнадзёрскай (пяхотнай дывізіі) Вафен-СС, нароўні з нацысцкім партыйным прывітаннем. На пост пра гэта кіраўніцы аб’яднанай прэс-службы пецярбургскіх судоў Дар'і Лебедзевай звярнуў увагу Reformby.
Карціна з’явілася ў музеі ў 2015 годзе. Надпіс на сцяне пад карцінай быў зроблены ў 2020 годзе з ініцыятывы музея, удакладніла крыніца Hrodna.life.
На музей склалі пратакол па ч.1 ст. 20.3 КаАП РФ (прапаганда або публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі або сімволікі, або атрыбутыкі або сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый, або іншых атрыбутыкі або сімволікі, прапаганда або публічнае дэманстраванне якіх забаронена федэральнымі законамі). Матэрыялы справы перададзены суддзі. Справу разглядаюць у Васілевостраўскім раённым судзе. Іранічна, што Telegram-канал судоў Санкт-Пецярбурга называецца «ЛЕБЕДИНОЕ озеро». Назва, імаверна, звязана з прозвішчам яго аўтаркі. Але менавіта гэты балет паказвалі па тэлевізары замест навін у дні смерці кіраўнікоў кампартыі ў СССР і падчас перавароту ў 1991 годзе.
Хто такі Сяргей Грыневіч
Сяргей Грыневіч — адзін з найлепшых мастакоў сучаснай Беларусі. Яму 64 гады. Грыневіч нарадзіўся ў пасёлку Краснасельскі Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтвам і ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Выстаўляецца з 1982 года, у міжнародных выставах удзельнічае з 1991 года. Правёў больш за 60 персанальных выстаў па ўсім свеце, удзельнічаў у калектыўных праектах. Работы Сяргея Грыневіча знаходзяцца ў галерэях у ЗША і Бразіліі, Кітаі і Швейцарыі, Нідэрландах і Германіі, Літве і Украіне, Польшчы і Францыі. Прыватныя калекцыянеры перапрадаюць яго палотны за дзясяткі тысяч долараў. Карціну «Фестываль» ён напісаў у 2014 годзе.
Чытайце таксама: «Калі „нашы“ прыйдуць да ўлады, стану ў апазыцыю». Сяргей Грыневіч пра швейцарскую майстэрню, драныя джынсы і смерць Кудзіна