Экскурсаводам і гідам-перакладчыкам у Беларусі забароняць займацца экскурсійнай дзейнасцю, нават калі ім знялі судзімасці альбо спынілі пераслед. Тыя, каго судзілі па адміністратыўных артыкулах, змогуць вернуцца да працы праз пяць гадоў. Савет міністраў унёс змены ў пастанову 2022 года аб экскурсійным абслугоўванні. Пра новыя патрабаванні паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У законе 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тых экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якіх судзілі па гэтых артыкулах, не дапусцяць да працы. Нават у выпадку зняцця альбо пагашэння судзімасці ці спынення крымінальнага пераследу.
З якімі артыкуламі нельга працаваць экскурсаводам?
- арт. 123 – прапаганда вайны;
- арт. 130 – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці;
- арт. 293 – масавыя беспарадкі;
- арт. 341 – апаганьванне пабудоў і псаванне маёмасці;
- арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- арт. 357 – змова альбо іншыя дзеянні, зробленыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
- арт. 361 – заклік да санкцый;
- арт. 367 – паклёп на прэзідэнта Беларусі;
- арт. 368 – абраза прэзідэнта Беларусі;
- арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады;
- арт. 369-1 – дыскрэдытацыя Беларусі;
- арт. 369-3 – публічны заклік да арганізацыі альбо правядзення незаконных сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў.
- арт. 370 – здзек з дзяржаўных сімвалаў.
Таксама ў законе пяць артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Калі экскурсавода судзілі па адным з іх, то яму забароняць працаваць на працягу пяці гадоў.
- арт. 19.8 – распаўсюд твораў, прапагандуючых культ гвалту і жорсткасці;
- арт. 19.10 – прапаганда альбо публічная дэманстрацыя, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі альбо атрыбутыкі;
- арт. 19.11 – распаўсюд, захаванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці;
- арт. 24.22 – распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі хлуслівай інфармацыі, якая псуе гонар прэзідэнта Беларусі;
- арт. 24.23 – парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстаў.
Не прымуць тых, хто адмаўляе, што Беларусь – ветлівая краіна
Таксама экскурсавод можа не прайсці атэстацыю ў выпадку грубага парушэння прафесійных і этычных патрабаванняў. Сярод іх:
- непавага да дзяржаўных сімвалаў Беларусі;
- непавага да гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці,
- непавага да культурных і духоўных традыцый Беларусі і захавання яе гісторыка-культурнай спадчыны;
- адмова фармаваць уяўленне аб Беларусі як аб краіне, ветлівай для турыстаў;
- дапушчэнне падчас экскурсіі суб’ектыўных, некарэктных ацэнак і выказванняў аб Беларусі і іншых дзяржаў, а таксама непрыняцце мераў па іх недапушчэнню з боку турыстаў;
- непраява талерантнасці да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, культур, традыцый, поглядаў і перакананняў;
- падтрыманне непавагі ў адносінаў да турыстаў, экскурсантаў, прадстаўнікоў туріндустрыі;
- праява некарэктных паводзінаў, агрэсіі, негатыўных ацэнак, абразаў і паклёпу ў адрас турыстаў.
Чытайце таксама: Будуць караць за адступленне ад тэмы. Як працуюць новыя правілы праверкі экскурсаводаў
У Беларусі былі выпадкі затрымання экскурсаводаў
Прыклады асуджаных за «палітыку» экскурсаводаў ужо ёсць. Так, па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) асудзілі мінскага экскурсавода і краязнаўца Ігара Хмару. Ён атрымаў 2,5 гады «хатняй хіміі».
Таксама ў Мінску тройчы затрымлівалі і каралі «суткамі» экскурсавода Аксану Манкевіч. Яе абвінавачвалі ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі і незаконным пікетаванні (тады яе затрымалі разам з экскурсійнай групай). У жніўні 2022 аб затрыманай Святлане Грышкевіч сілавікі казалі, што яна «праводзіла экскурсію і прыводзіла гістарычныя паралелі згодна з выключна сваімі бчбшнымі перакананнямі».
У лістападзе 2023 года ў Карэлічах затрымалі мясцовага экскурсавода Красоўскага. Яго абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП і пазбавілі волі на 15 дзён. У Гродне вядома як мінімум пра адзін выпадак. Але яго не апублічвалі.

