Сілавікі правялі затрыманні ў лідскім рэстаране. Затрыманых за «экстрэмізм» у Лідзе возяць на прымусовыя працы. У Гродне затрымалі былога футбольнага фаната — на яго татуіроўку паскардзіліся грамадзяне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 1 па 7 ліпеня.

Суд над святаром

Гродзенская епархія выклікала на царкоўны суд протаіерэя Георгія Роя. Святар назваў арганізацыю такога суда «кананічным нонсэнсам». Справа ў тым, што клірык ужо не адносіцца да юрысдыкцыі БПЦ, а прыняць пад юрысдыкцыю Сусветнага Патрыярхату, а гэта значыць, што Гродзенская епархія БПЦ не можа судзіць клірыка з іншай памеснай царквы. У якасці доказу протаіерэй прыклаў грамату аб прыняцці яго ў клір Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Георгій Рой у Гродне
Георгій Рой у Гродне. Фота з архіва Hrodna.life

Новыя палітвязні

Дар’я Заяц, Валерыя Драгун з Гродна, Іван Мікша з Іўе 5 ліпеня былі прызнаны палітзняволенымі.

Затрыманні ў Лідзе

Сілавікі правялі затрыманні ў лідскім рэстаране «Vashi Guli». Затрымалі і ўладальніка рэстарана, паведамілі праўладныя Telegram-каналы. Прычынай стала распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сілавікі паведамляюць, што гэта не першае яго затрыманне.

Затрыманых за «экстрэмізм» у Лідзе возяць на прымусовыя працы

Ёсць тры месцы, даведаўся Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

  • в. Сцеркава — сартаваць смецце;
  • на сартаванне лука ў в.Сухвальня «да нямецкага фермера-прадпрымальніка». Абяцалі плаціць па 30 рублёў за суткі. Але калі супрацоўнік працаваў дрэнна, ён нічога не атрымае. Гэта вырашае брыгадзір.
  • збор камянёў на палях.

У нядзелю — выхадны.

У Гродне затрымалі былога футбольнага фаната

Таксіста і былога футбольнага фаната з Гродна затрымалі за татуіроўку ACAB. Сілавікі сцвярджаюць, што яе ўбачылі і паскардзіліся на гэта «пільныя грамадзяне». Раней тату ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Затрыманы фанат.
Затрыманы фанат. Скрыншот Hrodna.life

У Беларусі перасталі дыстанцыйна выпісваць з кватэр ваеннаабавязаных — нават праз суд

У Беларусі больш не хочуць выпісваць з жытла прапісаных там ваеннаабавязаных мужчын. Аб гэтым напісала адна з удзельніц Facebook-групы беларускай дыяспары за мяжой. Ёй трэба было дыстанцыйна выпісаць з кватэры ў Беларусі мужа. Яна планавала зрабіць гэта праз суд, але ад адваката даведалася, што ўжо не атрымаецца.

Гродзенскі бізнэсовец Віктар Рукша выйшаў на волю

Былы ўладальнік крамы «АвтоЗапчасти» Віктар Рукша ў Гродне выйшаў з СІЗА некалькі дзён таму. Пра гэта Hrodna.life паведаміла дасведчаная крыніца. Рукшу пачалі пераследаваць пасля таго, як ён паскардзіўся ў 2020 годзе на сілавікоў.

Крама "АвтоЗапчасти".
Крама «АвтоЗапчасти». Скрыншот Hrodna.life з Яндекс.Карты

Закрыць мяжу, але не ўскладняць жыццё звычайным людзям: у Польшчы вырашаюць, як націснуць на беларускі рэжым

Улады Польшчы не выключаюць магчымасці спыніць пропуск грузаў на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым дзеянне не павінна закрануць пераходы для людзей. «Не будзем ускладняць жыццё звычайным палякам і беларусам», — сказаў у эфіры Radio Zet міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Flickr / Ministry of Foreign Affairs of The Republic of Poland
Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Flickr / Ministry of Foreign Affairs of The Republic of Poland

Гродзенцы вынеслі, верагодна, першы завочны прысуд

Завочна асудзілі 20 экспертаў, якіх аб’ядналі ў экстрэмісцкае фармаванне «аналітыкі Святланы Ціханоўскай». Сярод іх — гродзенка Леся Руднік, дырэктарка «Цэнтра новых ідэй», эмігрантка ў Швецыі, дактарантка Карльстадскага ўніверсітэта (Швецыя). Прысуд вынеслі ў Мінску 1 ліпеня.

«Гэты прысуд — яшчэ адзін сімптом павышэння градусу рэпрэсій беларускага рэжыму. Аналітыкі, эксперты, журналісты і даследчыкі ў гэтай справе — усе жывуць за мяжой, таму гэта таксама атака на свабоду слова, якую такія людзі рэтранслююць тым ці іншым чынам», — сказала Леся Руднік.

Леся Руднік.
Леся Руднік. Фота: newbelarus.vision

Блогер Vadimati з Гродна выйшаў на волю

Блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024 года. Ён правёў у калоніі тры гады. Вадзіма Ермашука затрымалі ў Шчучыне 16 жніўня 2021 года. Там ён здымаў для свайго блога ролік аб мясцовым скейт-парку. Ён адбыў тры адміністрацыйныя арышты, а потым яму выставілі абвінавачанне. У гэты час сілавікі займаліся дыскрэдытацыяй мужчыны, для падтрымкі якога ў суд Шчучына прыязджалі дзясяткі людзей.

Затрыманні ў рэстаране, прымусовыя працы, скаргі на татуіроўку. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Блогер Vadimati. Фота: сацсеткі героя