Цяпер, каб падняцца на аглядную пляцоўку над ЦУМам, трэба заплаціць. Грошы за ўваход не возьмуць толькі з кліентаў нядаўна адкрытага кафэ «Nebo», але некаторыя гродзенцы не надта хочуць імі станавіцца: скардзяцца на кошты і асартымент.

Былы гандлёвы дом “Нёман” адкрылі пасля рэканструкцыі ў пачатку 2024 года. У ім усталявалі эскалатары, змянілі некаторых арандатараў і назву – ён ператварыўся ў гандлёвы цэнтр ЦУМ. Панарамны ліфт і аглядная пляцоўка на даху будынка працягнулі працаваць. Але замест лаундж-кафэ “Крыша мира”, па назве якога часта называлі аглядную пляцоўку, зараз там адкрылася кафэ “Nebo”. Уваход на пляцоўку на даху стаў платным – 2 руб.

Кафэ адкрылі, але канцэпцыю рэзка змянілі

Установа пачала працаваць у тэставым рэжыме. Да адкрыцця яна пазіцыянавала сябе як рэстаран паназіятскай кухні. Некаторыя анансаваныя ў сярэдзіне чэрвеня пазіцыі сапраўды да яе адносіліся: мус з авакада з начыннем з вэнджанай крэветкі, салодкіх таматаў чэры ікрой тобіка і салодка-вострым соусам, сушы, закускі, канапэ і рулеты.

Але, здаецца, канцэпцыю змянілі, і зараз меню іншае. Там ёсць вялікі выбар закусак, салаты, гарніры, гарачае. Сярод закусак – часнычныя грэнкі за 5 руб., цыбульныя кольцы за 8 руб., крэветкі тэмпура за 13, мясная талерка за 35 руб. і вінная за 41. Брускеты каштуюць 8-29 руб., салаты – 13-31 руб., гарніры – ад 3,5 за спагецці да 11 руб. за гародніну-грыль. На гарачае прапануюць запечаную дараду за 34,9 руб., рэбры грыль або барбекю (36-38 руб.) з бульбай, шашлык з гарнірам (35-60 руб.). Ёсць сем пазіцый з дранікамі (14-38 руб.), дзевяць відаў пасты (25-32 руб.), восем відаў бургераў (20-42 руб.), венскія вафлі з салодкімі і салёнымі дадаткамі (10-28 руб.), дэсерты ( 7-16 руб.). Можна замовіць вялікі сэт ежы (43-94 руб.). Шырокі выбар алкаголю, ёсць чай, кава –
3,5 руб. за капучына, 5 руб. за раф.

Пасадачных месцаў стала больш, намаляваныя на шкляной агароджы крылы захавалі. Час працы кафэ – з 10.00 да 23.00 без выходных.

Гродзенцы незадаволеныя

Кошты і меню новай установы абурылі некаторых карыстальнікаў Instagram. “Хутка зачыніцца як і папярэднія, няма чаго кошты ламаць, хто пойдзе бургер ёсць за 20р, калі побач кафэ Паляна“, – напісаў адзін з каментатараў пад аглядам кафэ ад блога zatestil_grodno. Яшчэ некалькі падтрымалі яго, адзін з каментатараў зазначыў, што “бургер выглядае на 5 рублёў”. “Навізна, напэўна, у тым, што зараз можна купіць бутэрброд (бургер) з курыцай за 40 рублёў!!!”, – напісаў іншы. Адна з першых наведвальніц паскардзілася, што меню не ўсё ў наяўнасці, няма кававай і чайнай карты, сурвэтак, вады, але бульба-фры была “норм”.

Столікі кафэ паставілі па перыметры і, каб падысці да краю і зрабіць фота, трэба стаць за спінамі людзей. Гэта адзіная аглядная пляцоўка ў цэнтры Гродна.