На вырашэнне пытання з гасцініцай “Гродна” інвестару далі максімум месяц. Калі не здолее – будуць шукаць ёй іншага гаспадара. Дзе яшчэ ў Гродне з’явяцца новыя гасцініцы, расказаў старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель у прамым эфіры на “Гродно Плюс”.

Цяперашняму інвестару з Кітая на вырашэнне пытання з гасцініцай “Гродна”, якую не могуць адрэстаўраваць з 2016 года, адвялі некалькі тыдняў, максімум месяц. Калі не справіцца – гасцініцу будуць прадаваць паўторна. Зацікаўленыя ў пакупцы інвестары ўжо ёсць, расказаў Андрэй Хмель. Пытанне знаходзіцца, у тым ліку, пад кантролем старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка. “Апошняе кітайскае папярэджанне” ўжо было – год таму Каранік нават ездзіў у Кітай, але, здаецца, гэта не дало пажаданага выніку.

З гасцініцай “Беларусь” на 228 нумароў сітуацыя больш ясная – яе адкрыюць для гасцей ужо ў 2024 годзе.

Гасцініц у Гродне не хапае ўжо некалькі гадоў. Каб вырашыць гэтую праблему, пад гасцінічны комплекс плануюць перарабіць і былы інтэрнат медыкаў на Замкавай (камяніцу XVIII стагоддзя). Яго купілі у жніўні 2023 года.

Дом быта, выстаўлены на продаж, таксама ў будучыні бачаць гасцінічна-адміністрацыйным цэнтрам. Раней паведамлялі, што гатэль ці матэль хочуць адкрыць у былым будынку Цэнтра пазашкольнай працы «Прамень» на вуліцы Гарнавых, 5.

У кіраўніцтва горада ёсць і далейшыя планы па прыцягненню ў Гродна інвестараў для будаўніцтва адной або некалькіх гасцініц высокага ўзроўню, падзяліўся Андрэй Хмель.