У Гродне пройдзе першы завочны суд – будуць судзіць дырэктара дзіцячага хоспіса Вольгу Вялічку. Сілавікі правялі затрыманні на Лідскім ліцейна-механічным заводзе. З траіх фігурантаў справы Аўтуховіча спагналі кампенсацыю. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 17 па 23 чэрвеня.
Новыя палітвязні
Аксану Ляпко прызналі палітзняволенай 17 чэрвеня, Аляксея Навагродскага, Яўгена Блахінскага, Дзмітрыя Куляшэвіча з Гродна, Ягора Ібрагімава з Ліды – 19 чэрвеня.
10 парушальнікаў у Астраўцы
За тыдзень супрацоўнікі Астравецкага РАУС знайшлі падпіскі на “экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы” ў 10 жыхароў раёна, паведамляе “Астравецкая праўда”.
Палітвязень з Гродна правядзе яшчэ год у зняволенні
Гродзенцу Аляксандру Лаўрэнцьеву дадалі яшчэ год зняволення ў калоніі паводле арт. 411 КК “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Ён адбывае зняволенне ў бабруйскай калоніі №2.
У жніўні 2022 года Аляксандру Лаўрэнцьеву прысудзілі 3 гады і 4 месяцы калоніі агульнага рэжыму за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, паведамляе “Гарадзенская праваабарона”.

Гродзенак асудзілі за здзек са сцяга
Дар’я Заяц і Валерыя Драгун, выпіўшы, вырашылі спаліць чырвона-зялёны сцяг па вул.Сацыялістычная з дапамогай швабры і папяровага ручнікі. Іх знайшлі па камерах. Алена Пятрова разгледзела справу 19 чэрвеня. Іх на год адправілі ў калонію агульнага рэжыму.
Дзяўчаты прызналі віну. Крымінальную справу разглядаў суд Ленінскага раёна Гродна ў выязным пасяджэнні на базе юрыдычнага факультэта ГрДУ ім. Я. Купалы, піша БелТА.

Дзевяць супрацоўнікаў затрымалі на заводзе “HAVER BY”
Прычынай сталі фота з калегамі, падпіскі на экстрэмісцкія Telegram-каналы і рэпосты.
Паводле інфармацыі «Медиазоны», гаворка ідзе пра Ганну Мурашку, Яўгена Ашурка, Арцёма Струкова, Вадзіма Кахновіча, Арцёма Шчэбета, Сяргея Шарапава і Міхаіла Кухарчыка. Імёны яшчэ двух затрыманых невядомыя.

З траіх фігурантаў справы Аўтуховіча спагналі кампенсацыю
Пракурор Ваўкавыскага раёна заявіў іск у інтарэсах дзяржавы, каб спагнаць з Мікалая Аўтуховіча, Паўла Славы і Галіны Дзербыш нібыта прычыненую імі шкоду. Іск задаволілі.
Фігурантаў асудзілі за акт тэрарызму паводле ч.3 арт. 289 КК. Яны нібыта пашкодзілі аўтамабіль і жылы дом на агульную суму 35,8 тыс.рублёў, а таксама іншы аўтамабіль – на 4,4 тыс. рублёў. Шкоду пацярпелым кампенсавала дзяржава. А цяпер – вырашыла спагнаць яго з асуджаных.

У Гродне пройдзе першы завочны суд – будуць судзіць дырэктара дзіцячага хоспіса Вольгу Вялічку
У Гродзенскім абласным судзе 1 ліпеня пачнуць разглядаць справу па:
- арт. 342 ч. 1 КК – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- арт. 367 ч. 2 КК – Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- арт. 210 ч. 3 КК – Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі;
- арт. 203. 1 ч. 3 КК – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;
- арт. 361. 4 ч. 2 КК – Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
- арт. 130 ч. 1 КК – Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
- арт. 193. 1 КК — Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці (выключана з 19.07.2019)
Суддзя – Дзмітрый Бубенчык, паведамляе Telegram-канал “Право имеют”.
Спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі пачалі 5 сакавіка. Гродзенскі дзіцячы хоспіс раней ліквідавалі. Са снежня 2020 года Вольга Вялічка жыве за мяжой. Яна працягвае працу па развіцці сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям і дарослым.

У Гродне за каментары і пратэсты затрымалі харыста
Ураджэнец Мінска хадзіў на акцыі пратэсту ў родным горадзе. Таксама ён пісаў каментары з абразамі і пагрозамі, выступаў супраць вайны ва Украіне.
Верагодна, гэта Кейта Даніэль-Ліндсэй-лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў ім. Ф.І. Шаляпіна. У 2018 годзе ён скончыў Рэспубліканскі музычны каледж па класе “харавое дырыжыраванне” і паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Служыць пеўчым хору з 2019 года.

Затрыманні на Лідскім ліцейна-механічным заводзе
Сілавікі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў проста на працоўных месцах затрымалі некалькі супрацоўнікаў. Іх змясцілі ў ІЧУ. Адміны Telegram-каналаў сцвярджаюць, што іх адправяць на прымусовыя працы.
Анджэй Пачобут стаў “ганаровым грамадзянінам Варшавы”
20 чэрвеня дэпутаты гарадской рады Варшавы прысвоілі беларускаму журналісту і дзеячу польскай меншасці ў Беларусі, палітвязню Анджэю Пачобуту звання ганаровага грамадзяніна, піша polskieradio.pl.
“Мы будзем выступаць за Анджэя Пачобута, за ўсіх вязняў сумлення ў Беларусі і будзем спрабаваць падтрымліваць іх сваякоў і людзей, якія змагаюцца за іх вызваленне”, – сказаў Робэрт Тышкевіч, каардынатар Сенату Польшчы па пытаннях польскай дыяспары і палякаў за мяжой.

У Гродне супрацоўнікаў дзяржустановы прымушаюць даваць справаздачу пра паездкі за мяжу і пра сваякоў там
У гродзенскай паліклініцы прымушаюць даваць справаздачу пра паездкі за мяжу, а тэлефон могуць праверыць у любы момант. У іншых дзяржустановах абавязалі нават запаўняць адмысловую анкету. Пра што пытаюцца?



