Намесніца старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Святлана Вараніца раскрытыкавала праўладную актывістку Вольгу Бондараву. Прычынай крытыкі стаў пост у Telegram-канале Бондаравай, у якім тая зняважліва выказвалася пра беларускую мову.

Што адбылося?
Актывістка Вольга Бондарава, мастачка Святлана Жыгімонт і блогерка Таццяна Сідаровіч у сваіх Telegram-каналах апублікавалі пасты. У іх жанчыны абураліся з’яўленнем беларускай мовы на этыкетках прадукцыі “Малочны свет”.
Святлана Вараніца апублікавала скрыншоты з гэтых Telegram-каналаў і напісала, што гэта не крытыка, а “прыніжэнне беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь, здзек з дзяржаўнай палітыкі ў галіне выкарыстання дзяржаўных моў, заклік да трэціравання калектыву аднаго з градаўтваральных прадпрыемстваў”.
Вараніца абараніла мову, Караткевіча і Быкава
На думку Вараніцы, “сеткавы хейт падсілкоўваецца, у тым ліку, і знікненнем са школьнай праграмы твораў Уладзіміра Караткевіча, і абразлівымі выпадамі на адрас Васіля Быкава”.
Свой пост намесніца старшыні Гродзенскай “Белай Русі” скончыла допісам на беларускай мове, выкарыстаўшы назву кнігі Васіля Быкава.
“«Мёртвым не баліць», а жывым ад мінулага роднай зямлі адракацца ці дазваляць ганебна адносіцца да роднай мовы, хоць рускай, хоць беларускай, хоць нашага ўнікальнага шматгалосся — справа не толькі дрэнная з маральнага пункту гледжання, але і вельмі небяспечная. У каторы раз ужо падкрэсліваю, што новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі не на пустым месцы напісана”.
Чытайце таксама: З будынка турыстычнага цэнтра ў Гродна зніклі надпісы, якімі абурылася Бондарава
Вараніца не першы раз крытыкуе праўладных актывістаў і прапагандыстаў
У жніўні 2023 года Святлана Вараніца назвала прапагандыста Рыгора Азаронка апантаным. Яна пісала ў сваім Telegram-канале, што “не хоча азаронкаўшчыны і бондараўшчыны” ў Беларусі. У снежні 2022 года Вараніца дыскутавала з Бондаравай. Прычынай стала адмена спектакля ў Гродне з-за скаргі праўладнай актывісткі. Тады Вараніца напісала, што прэтэнзіі Бондаравай – “трызненне запаленай свядомасці”.


