У Гродне прадаюць будынак 1912 года пабудовы на вуліцы Леніна, 26Б. Там можна адкрыць аб’ект грамадска-спартовага прызначэння. Пачатковая цана — 333,5 тыс. рублёў (€ 97,5 тыс.), паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.

У цэнтры Гродна можна купіць будынак 1912 года. Колькі ён каштуе і што можна з ім рабіць?
Будынак на вуліцы Леніна, 26 Б. Крыніца: gcn.by

Аднапавярховы будынак плошчай 262,1 кв.м размяшчаецца ў ахоўнай зоне нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна». Сцены будынка — цагляныя, падлога выкладзена пліткай, лінолеумам, а таксама плітой ДСП. Ёсць ацяпленне, водазабеспячэнне, цэнтральная каналізацыя.

Да будынка ёсць прыбудова 1958 года пабудовы — з цаглянымі сценамі і шыферным дахам. Побач з будынкам ёсць пляцоўка і сцежка з асфальтабетону і бетоннага бардзюра.

Будынак прадаецца ва ўласнасць, а ўчастак пад ім — у арэнду на 50 гадоў. Аўкцыён адбудзецца 15 ліпеня 2024 года.

Што мусіць зрабіць новы ўладальнік?

Новы ўладальнік павінен зрабіць капітальны рамонт, мадэрнізацыю альбо рэканструкцыю нерухомасці. Будынак трэба ўвесці ў эксплуатацыю не пазней за тры гады ад моманту заключэння дамовы куплі-продажу.

Чытайце таксама: З відам на Каложу і гістарычны цэнтр: на вуліцы Міра здаюць у арэнду памяшканне для творчай майстэрні