Навіны

Асудзілі сям’ю фермераў, завочна арыштавалі ВСУшніка, арыштавалі пенсіянерку. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Беспрацоўнага гродзенца аштрафавалі за татуіроўку са свастыкай. У Маскве завочна арыштавалі Паўла Шурмея — ураджэнца Ліды, які ваюе ў ВСУ. У Лідзе на два гады «хатняй хіміі» асудзілі пенсіянерку. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 3 па 9 чэрвеня.

Суды за «экстрэмізм»

Аб 16 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Гродне, Лідзе і Навагрудку. Сярод іншых, на 15 сутак арыштавалі пенсіянерку і аштрафавалі бацьку-адзіночку.

Штраф за татуіроўку свастыкі

Беспрацоўны гродзенец паказаў татуіроўку з эмблемай свастыкі, сімвала Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі. Па ч. 1 арт. 19. 10 КаАП «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі» 18 траўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна яго аштрафавалі на 10 базавых велічынь (400 рублёў) без канфіскацыі. Хлопец віну не прызнаў і ў суд не прыйшоў.

Жыхара Слоніма асудзілі за каментары

Суд Дзятлаўскага раёна 30 траўня асудзіў жыхара Слоніма Дзмітрыя Данільчыка за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) на два гады калоніі і штраф у 100 базавых велічынь. Справу разглядаў суддзя Сяргей Сёмуха.

Данільчык размяшчаў у «экстрэмісцкіх» чатах Telegram і ў чатах YouTube абразы Лукашэнкі, якія прыніжаюць яго гонар, годнасць асобы і аўтарытэт. Ён жа з лютага 2022 года да ліпеня 2023 года публікаваў непрыстойныя і зневажальныя паведамленні і каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, паведамляе «Вясна».

Данільчыка затрымалі ў Слоніме ў жніўні 2023 года і спачатку арыштавалі на 15 сутак.

Дзмітрый Данільчык. Фота: «Вясна»

Завочна арыштавалі лідчаніна ў ВСУ

Басманны суд Масквы завочна арыштаваў Паўла Шурмея — ураджэнца Ліды, які ваюе ў ВСУ.

Павел Шурмей — беларускі вясляр і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў, які пабіў некалькі сусветных рэкордаў на вяслярным трэнажоры.

З сакавіка 2022 года ён ваюе ва Украіне на баку ВСУ. У Беларусі ў дачыненні да яго распачалі завочную крымінальную справу за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні.

Павел Шурмей. Фота: МУС

У Лідзе на два дамы «хатняй хіміі» асудзілі пенсіянерку

Верагодна, гэта Таццяна Чэкель. Будучы п’янай, яна каля 22.30 выклікала міліцыянтаў, таму што ў яе знік тэлефон. Пазней пачала з імі канфліктаваць і выказала фразу з негатыўнай ацэнкай і абразай Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Таццяна прызнала віну. Супраць яе сведчыў яе сужыцель. Ён сказаў, што чуў абразы на адрас міліцыянтаў і Лукашэнкі. Таксама абраза ёсць на відэарэгістратары міліцыі.

Прысуд па ч. 1 арт. 368 КК вынеслі 21 траўня ў судзе Лідскага раёна. Таксама Таццяну будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.

У Гродне асудзілі сям’ю фермераў Станеўскіх

Арцём Станеўскі - кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Дзюрма», Аксана Станеўская — ІП. Мужчыну ўтрымлівалі пад вартай, жанчыну — пад хатнім арыштам.

Па матэрыялах справы, яны прыехалі ў цэнтр Гродна на акцыю пратэсту — мяркуючы па яе апісанні, 6 верасня 2020 года. Па вул. Стэфана Баторыя яны ішлі па праезнай частцы і пешаходных дарожках, нібыта перашкаджаючы руху транспарту і праходу людзей. А пазней — выстраіўшыся ў «счэпку», перагарадзілі падыходы да будынка і частку тратуара, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Пазней яны пайшлі да пр-ту Янкі Купалы і блакавалі рух счэпкай. Гэтым яны нібыта прынеслі шкоду Аўтобуснаму парку Гродна і Гродзенскаму тралейбуснаму кіраванню. Па некаторых доказах, у сям'і была БЧБ-атрыбутыка.

Прысуд па ч. 1 арт.342 КК вынеслі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Абвінавачаныя прызналі віну. Арцёму прызначылі 1,5 года «хіміі», Аксане — 1,5 года «хатняй хіміі». Сям’ю вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Шалік і заплечнік (магчыма, менавіта яны былі з сімволікай) — пакінулі сям'і.

У Бярозаўцы затрымалі Гражыну Гетка

Затрыманне прайшло 5 чэрвеня, піша Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде». Яна была назіральніцай на выбарах-2020. Раней яна адбыла як мінімум 25 сутак арышту.

Гражына Гетко. Фота: «Задержания суды в Лиде»

Новыя «экстрэмісты»

Мікіта Дзяніс Сяргеевіч са Свіслачы, Пелеш Аляксандр Аляксандравіч з Гродна 7 чэрвеня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Палітвязня Дзяніса Івашына змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак

На 10 сутак у ШІЗА Дзяніса змясцілі 21 траўня, напісаў Вітаўт Сіўчык. Фармальна — за непадпарадкаванне адміністрацыі. «Насамрэч палітзьняволенага журналіста спрабавалі перавесьці ў іншую камэру, дзе, зь вялікай імавернасьцю, знаходзіўся чалавек „зь нізкім статусам“. Дзяніс адмовіўся туды заходзіць», — напісаў Сіўчык.

31 траўня скончыўся тэрмін пакарання, але блізкія дагэтуль не атрымалі ад яго лістоў. Верагодна, тэрмін працягнулі.

Дзяніс Івашын. Фота: novychas.by
Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024