Індывідуальны прадпрымальнік з Ваўкавыска займаўся рознічным гандлем праз заказы тавараў па пошце і інтэрнэту. Каб дапамагчы выпускніцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, ён нібыта прыняў яе на размеркаванне. Па дакументах яна была агентам па абслугоўванні аўтамабільных перавозак.

Да 19 красавіка 2022 года ён перадаў у каледж гарантыйны ліст. У ім ён гарантаваў выпускніцы працоўнае месца. Пазней падпісаў дамову аб размеркаванні. Пасля гэта была пераддыпломная практыка: бізнэсмэн падпісаў загад аб праходжанні практыкі, дзённік практыкі і характарыстыку. На самай справе прымаць выпускніцу на працу ён не збіраўся, а пасады для працы па спецыяльнасці ў яго не было.

Каб стварыць бачнасць прыёму на працу, мужчына зрабіў загад аб прыёме на працу і іншыя патрэбныя дакументы. Іх ён выкарыстаў сам у дакументазвароце і адправіў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і іншыя інстанцыі.

Сітуацыя раскрылася, калі дзяўчына прыйшла з павіннай. Мужчыну судзілі за падробку афіцыйнага дакумента і паўторную падробку. Ён прызнаў віну. Пры разглядзе справы аказалася, што мужчына пералічваў грошы на карту «работніцы», але карыстаўся гэтай картай сам. У тэлефоне знайшлі перапіску аб ілжывых дакументах. А калі студэнтка нібыта працавала ў Падароску Ваўкавыскага раёна, насамрэч яе там не было — пра гэта кажуць тэлефонныя злучэнні.

З былой студэнткі ў судзе ўжо спагналі 11 697 рублёў за навучанне. А мужчыну судзілі 15 траўня ў судзе Ваўкавыскага раёна паводле ч. 1 і ч.2 арт. 380 КК. Яго прысудзілі да штрафу ў 250 базавых велічынь (10 000 рублёў). Праз тое, што яго ўтрымлівалі пад вартай, на просьбу дзяржабвінаваўцы ад пакарання бізнэсоўца вызвалілі.

Чытайце таксама: Гродзенка звольнілася, а потым даведалася пра дыягназ. Вярнуцца на працу не выйшла — яна пайшла ў суд