Латвійская фармкампанія Olainfarm вырашыла пакінуць Беларусь. Кампанія плануе цалкам замяніць Расію і Беларусь рынкам на Захадзе. Olainfarm належыць гродзенскае прадпрыемства «Біятэст» — вытворца лекаў і біядабавак, «Гарадзенскай гарбаты», уладальнік сеткі аптэк, у тым ліку адзінай у Беларусі аптэкі-музея ў цэнтры Гродна.

Аб рашэнні Olainfarm сысці піша Dienas Bizness са спасылкай на словы старшыні рады кампаніі Яніса Букса для «Латвійскага радыё». Кампанія даўно працуе на рынках у Расіі і Беларусі, але зараз распрацоўваецца новы партфель лекаў, з якімі можна будзе перайсці на заходні рынак. Стварэнне такога партфеля лекаў займае не менш за чатыры-шэсць гадоў.

Olainfarm мае намер цалкам адысці ад краін, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны наўпрост або ўскосна. Абарот канцэрна Olainfarm у 2022 годзе быў € 120,249 млн, прыбытак — € 21,161 млн.

Кампанія займаецца вытворчасцю гатовых лекаў, фармацэўтычных прэпаратаў і харчовых дабавак,
а таксама хімічных рэчываў і актыўных фармацэўтычных інгрэдыентаў з 1991 года. У Беларусі прадаюць вырабленыя Olainfarm прэпарат ад алергіі «Фенкарол», «Фурасол» ад захворванняў горла, безрэцэптурныя супрацьтрывожныя «Адаптол» і «Ноафен».

Чым цікавы «Біятэст»

Гродзенская «Біятэст» — адна з першых прыватных фармацэўтычных кампаній Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства стварыла ў 1990 годзе група супрацоўнікаў Інстытута біяхіміі НАН. Цяпер у асартыменце прадукцыі - больш за 65 лекавых сродкаў, 24 віды біялагічна актыўных дабавак і 30 найменняў чайных напояў, у тым ліку сувенірны прадукт «Гарадзенскі гарбат» і гарбата для Цэнтральнага батанічнага саду. Таксама кампанія валодае сеткай аптэк. У 1996 годзе ў адзіным захаваным у Беларусі аптэчным будынку XVII стагоддзя «Біятэст» адкрыў аптэку-музей — дзейную аптэку з музейнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі аптэчнай справы ў Беларусі.

Будынак "Біятэста" ў Зарыцы ў Гродне
Будынак «Біятэста» ў Зарыцы ў Гродне. Фота: Яндэкс.Карты

Olainfarm запусціў на «Біятэст» новую вытворчасць

У 2016 годзе Olainfarm купіла 24% гродзенскай кампаніі НВК «Біятэст» і запусцілі пад Гродна новую вытворчасць. Мэтай было абараніць пазіцыі групы Olainfarm у СНД і асабліва ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Некаторыя апошнія этапы вытворчасці збіраліся перанесці на тэрыторыю Еўразійскай саюза.

У 2018 годзе кампанія дала справаздачу, што ў беларускім сектары справы ідуць добра: аб’ём продажаў за тры гады павялічыўся ўдвая, асабліва пасля набыцця мясцовага вытворцы і пераадолення некаторых пратэкцыянісцкіх перашкод. «У бліжэйшыя некалькі гадоў таксама чакаецца добры рост», — гаварылася тады ў справаздачы. Паступова доля ўласнасці Olainfarm у «Біятэст» вырасла да 100%.

Чытайце таксама: