Старшыня Гродзенскага аблвыканкама і былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў, ці хоча стаць прэзідэнтам Беларусі. Гэтым ён падзяліўся на перадачы «100 пытанняў даросламу» тэлеканала «Беларусь 1».

«Ведаеце, у дзяцінстве, калі мы фармавалі свае мары, ніхто з нас не марыў быць прэзідэнтам. Такой і пасады не было. Усе дзеці мараць пра нейкія прыгоды, а не пра цяжкую штодзённую працу без права на памылку. З узростам і з яшчэ большым разуменнем аб’ёму ўскладзеных функцый мары гэтыя ў мяне так і не з’явіліся».

Дзяцей Каранік таксама перасцярог ад мары стаць прэзідэнтам.

Лукашэнка назваў Караніка пераемнікам падчас візіту ў Гродзенскую вобласць у 2021 годзе. Перад выбарамі 2025 года эксперты не бяруцца прагназаваць, ці выбірае ён пераемніка.

Ці вернецца ў медыцыну?

Апошнюю аперацыю міністр правёў у 2011 годзе. Каранік распавёў, што ў тэрміновай сітуацыі змог бы яе зрабіць і сёння. Але ў любым іншым выпадку адправіў бы да каго-небудзь, хто навыкі хірурга адточвае кожны дзень.

На пытанне, ці вернецца ў медыцыну, Уладзімір Каранік адказаў: «Шляхі Гасподнія невыведныя». Але ў сярэднетэрміновай перспектыве не бачыць шанцаў. Хоць некаторыя пацыенты да гэтага часу звяртаюцца да яго па параду.

Пра дэфіцыт медыкаў

«Я лічу, што асноўная праблема — гэта не дэфіцыт лекараў, гэта, магчыма, можа быць, не зусім рацыянальнае іх выкарыстанне. Наша задача — аптымізаваць сістэму аховы здароўя. < … > У нас усе баяцца слова „аптымізацыя“. Мы хочам павысіць эфектыўнасць працы аховы здароўя, каб кожны ўкладзены рубель дайшоў альбо да пацыента ў выглядзе сучаснага лячэння, альбо да медперсаналу ў выглядзе заработнай платы, якая пастаянна павышаецца, а не траціўся на неэфектыўныя рамонты і ўтрыманне тых будынкаў, якія нікому не патрэбныя», — лічыць Каранік.

Эўтаназія і смяротнае пакаранне

Дзяцей цікавіла, як Каранік ставіцца да эўтаназіі. «Што такое эўтаназія? Гэта забеспячэнне пацыенту права на бязбольную смерць. Я лічу, што асноўная задача ўсё ж такі сістэмы аховы здароўя, лекара — забяспечыць рэалізацыю права на бязбольнае жыццё. < … > І ўсё ж такі вызначаць, каму жыць, каму не жыць, — гэта не наша функцыя», — сказаў Каранік.

Аднак да смяротнага пакарання ў Беларусі ён ставіцца станоўча.

«Насамрэч, у тым выглядзе, у якім гэта існавала нават у Савецкім Саюзе, я стаўлюся рэзка адмоўна, таму што вышэйшая мера пакарання магла быць прызначаная і за эканамічныя нейкія злачынствы, і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

У нас у Рэспубліцы Беларусь смяротнае пакаранне ўжываецца ў выключных выпадках толькі да тых людзей, якія пазбавілі жыцця не аднаго, а шмат людзей, і дзе доказ яго віны пацверджаны самымі сучаснымі, у тым ліку лабараторнымі тэстамі, і мы разумеем, што ён, напэўна, не спыніцца. Што нават пасля пажыццёвага пакарання праз 25 гадоў ён мае права на датэрміновае вызваленне. І калі ён праз 25 гадоў выйдзе і яшчэ кагосьці пазбавіць жыцця, як мы потым будзем у вочы глядзець сваякам гэтай ахвяры?"

Чытайце таксама: Караеў або Каранік? Хто цяпер галоўны ў Гродне