Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Заводскай, 13. Яго ўсё ж адбудуюць паводле гістарычнага выгляду страчанага будынка, які стаяў на гэтым месцы. Падобна, ён стане часткай аднаўлення квартала на Заводскай.
У новым будынку размесцяць гасцініцу, піша канал Urban Hrodna са спасылкай на інфармацыю ад чытачоў.
У часе праектавання былі зроблены комплексныя навуковыя даследаванні, першапачатковы праект змянілі. Аўтары праекта аднаўляюць страчаны гістарычны будынак па фота з улікам патрабаванняў навуковага кіраўніка.

З цяперашнім будынкам бізнес-цэнтра на Заводскай новы будзе злучаць невялікая ўбудова са скатным дахам, ніжэйшая за абодва будынкі. Паводле рашэння гарвыканкама гэта не новае будаўніцтва, а рэканструкцыя існуючага будынка.

Раней абвестка пра пошук дольшчыкаў для будаўніцтва з’явілася на «Куфары». Паводле яе, у будынку мусіў размясціцца бізнес-цэнтр. Агульная плошча будынка мусіла скласці 900 кв. м., кошт за кв. м — 6.52 руб. ($ 2). У абвестцы таксама былі змешчаны фота праекта будынка — на іх было бачна, што яго толькі стылізуюць пад гістарычны. Але паводле канала, аўтар абвесткі выкарыстаў неактуальны варыянт праекта. Зараз абвестка ўжо неактыўная.

Адбудова страчанай вуліцы
Падобна, на набярэжнай адбудоўваецца колішняя вуліца Заводская. З боку былога піўзавода таксама з’явяцца новыя будынкі. Там плануюць збудаваць гасцініцу — на 120 нумароў. Яна будзе злучаная галерэяй з іншымі будынкамі комплекса. Частку набярэжнай новыя ўладальнікі піўзавода плануюць уладкаваць у рамках свайго праекта. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі. Аднаўленне квартала па вуліцы Заводскай (за піўзаводам) уваходзіла ў праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы цэнтра Гродна, які мусіць рэалізоўвацца ў межах генеральнага плану развіцця горада да 2030 года.