Беларуса асудзілі паводле некалькіх артыкулаў - у тым ліку за тэракт. Ён адбывае пакаранне ў калоніі або турме. Мужчына звярнуўся да натарыуса, каб скласці даверанасць на адваката і жонку. Яму адмовілі праз тое, што мужчыну ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».
Беларуса асудзілі за распальванне сацыяльнай варожасці, тэракт, садзейнічанне тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці.(арт. 130, арт. 289, арт. 290−2, ч.4 арт. 361 КК). Пасля прысуду яго ўнеслі ў пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Гэта і стала прычынай адмовы ў афармленні даверанасці. Натарыус палічыў, што высокая рызыка таго, што будучыя здзелкі будуць звязаныя з фінансаваннем тэрарызму. Беларус жа хацеў зрабіць даверанасць на адваката, каб ён прадстаўляў яго інтарэсы ў судзе. І на жонку — каб яна магла зняць з уліку іх транспарт, распараджацца нерухомасцю і падарыць яе дачцэ.
Беларус вырашыў абскардзіць адмову натарыуса. Мужчына сцвярджае, што яна — незаконная, бо перадача паўнамоцтваў не звязаная з легалізацыяй «злачынных» даходаў і фінансаваннем тэрарызму.
Справу разглядалі 24 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Асуджанага туды не даставілі. Суд стаў на бок натарыуса — палічыў, што рызыкі фінансавання тэрарызму пры здзелках сапраўды высокія. А паслугамі прадстаўніка, то бок адваката, ён і так можа карыстацца.
Чытайце таксама: 19 жыхароў Гродзенскай вобласці прылічылі да «тэрарыстаў». Расказваем, што пра гэта вядома