На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы. За жытло плошчай 204,4 кв.м. хочуць $ 266,5 тыс., адпаведную аб’яву размясцілі на сайце «Магазин недвижимости».

Вышыня столяў у кватэры — тры метры. Ёсць мансарда з выхадам на балкон, антрасоль і сутарэнні. Пры доме ёсць зямельны надзел плошчай амаль сем сотак, які агароджаны плотам, ёсць паркоўка.
Сам будынак пасля рэканструкцыі. У ім змянілі дах, вокны, адрэстраўравалі дзверы, зрабілі гідраізаляцыю вінных сутарэнняў, замянілі камунікацыі. У доме ўсталявалі сучасную ацяпляльную сістэму, ёсць магчымасць падключыць оптавалаконную лінію.







Усяго ў будынку дзве кватэры. Кожная мае асобны ўваход і дворык. У іх чарнавая аддзелка, рамонт давядзецца рабіць пакупніку.
Гэта не адзіны адрэстраўраваны будынак
Побач размяшчаецца будынак па адрасе 59/6, які адрэканструявалі пад шматфункцыянальны будынак грамадскага прызначэння. У ім планавалі размясціць офісы і кабінеты лекараў агульнай практыкі.
Паводле праекта над ім планавалі дабудаваць адзін паверх і мансарду, як гэта зрабілі з будынкам на вуліцы 17 верасня 59/4.
Чым адметны гэтыя будынкі
Будынкі на вуліцы 17 верасня, 59 узведзены з характэрнай жоўтай цэглы і знаходзіцца ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Гродна. Яны ўтвараюць ансамбль забудовы былой вуліцы Фабрычнай. У пачатку ХХ стагоддзя там жылі працоўныя казённага віннага склада (фабрыкі гарэлкі), які ў той час размяшчаўся на рагу вуліц 17 верасня і Ціміразева. Зараз на яго месцы стаянка для аўтамабіляў. Пасля Другой сусветнай вайны туды перанеслі цэх па зборцы ровараў.
У 1946 годзе па адрасе 17 верасня, 59 працавала мэблева-механічная фабрыка. На ёй, у тым ліку, рабілі балалайкі і гітары. Будынак самой фабрыкі не захаваўся.
Чытайце таксама: Ад віннага склада да велазавода: што гэта за домікі стаяць на 17 Верасня