Проціклешчавыя (акарыцыдныя) апрацоўкі зон адпачынку ў Гродне буду праводзіць з 29 красавіка па 7 траўня.
Такія апрацоўкі зараз прызнаны самым дзейсным метадам для знішчэння кляшчоў, удакладняюць у Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Важная ўмова для эфектыўнасці акарыцыднай апрацоўкі - адсутнасць ападкаў. Пры спрыяльным прагнозе надвор’я расклад у Гродне такі:
- 29 красавіка — урочышча Пышкі (сцежка здароўя);
- 30 красавіка — лесапаркавая тэрыторыя Румлёва, лясны масіў па вул. Кабяка (урочышча Форт);
- 2 траўня — парк Жылібера і Каложскі парк;
- 3 траўня — тэрыторыя ля Юбілейнага возера і сквер у мікрараёне Фолюш;
- 6 траўня — урочышча Ласосна;
- 7 траўня — лясны масіў па вул. Томіна — вул. Славінскага і зона адпачынку ў мікрараёне Альшанка (сквер ДУА «Сярэдняя школа № 39 г. Гродна»).
У Гродне на акарыцыдную апрацоўку зон адпачынку сёлета збіраліся выдаткаваць амаль 53 тыс. рублёў (€ 15,2 тыс.). Усяго ад кляшчоў плануюць апрацаваць 75,8 га.
Як будуць апрацоўваць і ці можна хадзіць у апрацаваныя зоны
Апрацоўку ад кляшчоў правядуць спецыялісты дэзінфекцыйнага аддзялення Гродзенскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны будуць распыляць спецыяльны сертыфікаваны прэпарат, бяспечны для людзей і навакольнага асяроддзя. Ён знішчае кляшчоў і захоўвае сваё дзеянне на працягу 1,5 месяцаў. На перыяд з пачатку траўня і да сярэдзіны чэрвеня як раз прыпадае час высокай актыўнасці іксодавых кляшчоў.
Апрацуюць толькі пэўныя зоны — уздоўж пешаходных і веладарожак, на спартыўных пляцоўках і ў іншых месцах адпачынку людзей. Усю плошчу лясных масіваў апрацоўваць не будуць.
Гродзенцам раяць пазбягаць наведвання апрацаваных зон адпачынку на працягу трох дзён пасля апрацоўкі. Гэта звязана з тым, што частка кляшчоў можа яшчэ хавацца ў траве, і застаецца рызыка іх нападу. Але праз некалькі дзён усе кляшчы загінуць.