Пра тое, за што Вольга Бондарава судзілася з гродзенскім сайтам Grodno.in, яна напісала сама. Прычынай стаў чарговы допіс прарасійскай і праўладнай актывісткі. Пасля суду ён змяніўся.

Прычынай пазову ў эканамічны суд Гродзенскай вобласці ад ТАА «ГроднаІн» (уласніка гродзенскага сайта Grodno.in) стаў допіс у канале Бондаравай у снежні 2023 года. У ім яна абураецца на мастака Уладзіміра Сакалоўскага за карціны, на якіх выяўленыя дамы з бела-чырвона-белымі сцягамі. Выстава гэтага мастака праходзіла ў тым ліку і ў Гродне ў адным з бараў у снежні 2021 года. Яна трапіла ў афішу Grodno.in, а Бондарава напісала пра “экстрэмісцкія” і “чамусьці дагэтуль не заблакаваныя” сайты, якія рэкламуюць выставу. Да допісу яна далучыла скрыншот з Grodno.in. Статусу “экстрэмісцкага” ў сайта не было і няма – у сувязі з гэтым уладальнікі падалі на Бондараву ў суд для абароны дзелавой рэпутацыі.

Суд меўся адбыцца 25 красавіка. Пасля яго допіс Бондаравай пра мастака змяніўся – з яго знік скрыншот з Grodno.in, застаўся скрын з Reform.by, які на той момант, праўда, таксама не меў статусу “экстрэмісцкага” ў Беларусі, хоць быў заблакаваны.

Таксама яна напісала апраўдальны пост, пры тым усю адказнасць усклала на падпісантаў: “12 студзеня 2024 года я размясціла паведамленне аб выставе бчб-мастака Уладзіміра Сакалоўскага, рэкламу пра якую апублікавалі розныя сайты і каналы (у тым ліку экстрэмісцкія). Як аказалася, некаторыя чытачы вырашылі, што экстрэмісцкім названы сайт Grodno.in. А ён да такіх не адносіцца”. Яна папрасіла сваіх падпісантаў “чытаць уважліва, што напісана ў мае пастах, і не выдумляць таго, чаго няма”, каб ёй не даводзілася тлумачыць.

Дадаткова Бондарава выдала ТАА «ГроднаІн» дазвол “рэпосціць гэтае паведамленне столькі разоў і тым людзям, каму ў дадзенай кампаніі палічаць патрэбным гэта зрабіць”.

"Апраўдальны" пост Бондаравай пасля суда.
“Апраўдальны” пост Бондаравай пасля суда. Скрыншот Hrodna.life

Чытайце таксама: «Ногі, калі раптам што не так, [у нас] прастрэльваюць». Актывістка з Гродна Бондарава пагражае дзецям ГУБАЗіКам