Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гроднаін», уладальнік партала Grodno.in, падало іск аб абароне дзелавой рэпутацыі да Бондаравай Вольгі Славаміраўны. Верагодна, гэта тая самая Вольга Бондарава, якая адмяняе канцэрты і змагаецца з ЛГБТ. Справа з’явілася ў раскладзе судовых матэрыялаў.
Справу разгледзіць суддзя Эдуард Кароль у Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 25 красавіка.
Што менавіта зрабіла Вольга Бондарава, невядома. Рэдакцыя Hrodna.life не знайшла згадкі пра сайт у актуальным канале актывісткі - ні кірыліцай, ні лацінкай. Магчыма, Бондарава ўжо выдаліла пасты. У старым канале ў пасце за снежань 2022 года Бондарава скардзіцца, што Grodno.in апублікаваў афішу студэнцкага мерапрыемства «у стылі лесбіянак». На фота намаляваныя дзве дзяўчыны ў абдымку.
Сама Вольга пра суд не распавяла. На Grodno.in навіны пра гэта таксама няма.
Grodno.in — гродзенскі сайт са стужкай навін, каталогам і дошкай аб’яваў. Працуе з 2013 года.