Пад санкцыі Канады трапілі суддзі з Гродна, якія дзясятак гадоў займаюцца палітычнымі справамі. Беспрацоўнага з Дзятлава судзілі за БЧБ-сцяг у сацсетцы. Зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава асудзілі да 3,5 гадоў хіміі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 15 па 21 красавіка.
34 адміністратыўкі
Аб 34 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Смаргоні, Гродне, Навагрудку, Лідзе, Мастах. Судзілі маці ў дэкрэце, супрацоўнікаў устаноў адукацыі і кіраўнікоў.
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч не атрымаў некаторых прадуктаў, якія яму дасылалі сваякі і знаёмыя ў турму
«Прыйшла пасылка з турмы, пра якую Мікалай папярэджваў. У ёй тое са складу, што пратэрмінавана — тушаніна, крупы, якія так і ня выдалі. Чаму, невядома. Таксама вярнулі чырвоны перац-чылі, які ён прасіў даслаць, але яму адказалі, што „не дазволена“», — паведаміла «Свабодзе» сваячка Аўтуховіча, якая жыве ў Польшчы.
Паводле Аўтуховіча, у сьпісе забароненых прадуктаў чырвонага перцу няма, між тым прычыну забароны яму не назвалі.
Новыя палітвязні
Уладзімір Варашэнь і Віктар Баркет з Гродна 17 красавіка прызнаны палітзняволенымі. 19 красавіка палітвязням прызналі Фёдара Шведава з Ашмян.
Пад санкцыі Канады трапілі суддзі з Гродна
Гэта суддзя Ленінскага раёна Гродна Ганна Лёсік і Дзмітрый Бубенчык, які раней працаваў у Гродзенскім абласным судзе. Абодва яшчэ з 2014 года займаюцца «палітычнымі» адміністратыўкамі і крыміналкамі. Улетку 2023 года яны былі ўключаныя ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Санкцыі накладаюць забарону на ўгоды і замарожваюць актывы. Ім таксама забараняецца ўезд у краіну.
Беспрацоўнага з Дзятлава судзілі за БЧБ-сцяг у сацсетцы
Мужчына нібыта «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў» пікетаваў, размясціўшы у сацсетцы БЧБ-сцяг «пратэстнай накіраванасці», паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Справу паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП разгледзелі ў судзе Дзятлаўскага раёна 5 красавіка. Мужчына прызнаў віну. Яму прызначылі 60 гадзін грамадскіх работ.
Гродзенца асудзілі за выказванне пра Лукашэнку
Гродзенец, верагодна, Юрый Валчкевіч, каля паўночы ў інтэрнаце піў з жонкай. Яна выклікала хуткую дапамогу і паведаміла пра нібыта нажавое раненне. Прыехала і міліцыя, якая прапанавала яму праехаць у РАУС. Тады пры чатырох міліцыянтах групы затрымання і сваёй жонцы ён абразіў Аляксандра Лукашэнку. Гэта ён нібыта зрабіў «з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту». Абраза трапіла на рэгістратар.
Паводле ч. 1 арт. 368 КК у судзе Ленінскага раёна Гродна яго судзілі 27 сакавіка. Мужчыне прызначылі год калоніі агульнага рэжыму. Яго пакінулі пад вартай. Таксама гродзенца будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.
Мужчына атрымаў тэрмін за рэпост двух паблікаў у «Аднакласніках»
Жыхар раёна, імаверна, Уладзімір Мікуліч, зрэпасціў у «Аднакласніках» некалькі публікацый, якія нібыта абражаюць Аляксандра Лукашэнку, «дзейнічаючы з мэтай дыскрэдытацыі і прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады». Гэта былі ролік пабліка «Беларусь политическая», тэкст і фота пабліка «STOP LUKA». Доступ да старонкі ён не зачыніў.
Мужчыну судзілі ў судзе Гродзенскага раёна. Той прызнаў віну. Паводле ч. 2 арт. 368 КК яму прызначылі два гады «хіміі» і адпусцілі з-пад варты. Тэлефон канфіскавалі.
Новыя «экстрэмісты»
Чэкель Сяргей Мікалаевіч і Валчкевіч Юрый Міхайлавіч з Гродна 19 красавіка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
Новая экстрэмісцкая інфармацыя
Гродзенскі чат валанцёраў і шэраг іншых рэсурсаў прызналі экстрэмісцкімі:
- Tik-Tok-акаўнт «lukavyenovosti» — па рашэнні суда Лідскага раёна ад 17 красавіка 2024 года,
- Instagram-акаўнт «lidadlia» і яго лагатып — па рашэнні суда Лідскага раёна ад 15 красавіка 2024 года,
- Instagram-акаўнт «znivien_2020» і яго лагатып — па рашэнні суда Лідскага раёна ад 15 красавіка 2024 года,
- Instagram-акаўнт «V. pashtouki» і яго лагатып — па рашэнні суда Лідскага раёна ад 15 красавіка 2024 года,
- Instagram-акаўнт «stylski_dd» — па рашэнні суда Лідскага раёна ад 15 красавіка 2024 года,
- Telegram-чат з назвай «Гродно/Валанцеры» — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 15 красавіка 2024 года,
- Telegram-чат з назвай «Гродно Вишневец» — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 15 красавіка 2024 года,
- Telegram-чат з назвай «Гродно Фолюш» — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 15 красавіка 2024 года.
Зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава прысудзілі да 3,5 гадоў хіміі
У Гродзенскім абласным судзе 19 красавіка агучылі прысуд 48-гадоваму Фёдару Шведаву. Яго абвінавацілі паводле арт. 361−2 КК «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». Суддзя Віталь Кулеш прызначыў Фёдару 3, 5 гады абмежавання волі з канфіскацыяй тэлефона, паведамляе «Вясна».
На судзе Шведаў віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што «не меў намеру на прадастаўленне грашовых сродкаў экстрэмісцкім фарміраванням, а грошы пераводзіў у дабрачынных мэтах для аказання дапамогі ў аплаце штрафаў, паслуг адвакатаў, медыкаментаў людзям, якія ўдзельнічалі ў пратэстных акцыях».
«Спроба дэстабілізацыі». «Гродна Азот» пракаментаваў атаку «Кіберпартызан»
«Кіберпартызаны» 17 красавіка правялі атаку на сайт «Гродна Азот». Па іх сцвярджэнні, яны зашыфравалі дакументы, знішчылі некаторыя з іх і парушылі працу цэха. Свае дзеянні яны патлумачылі ціскам кіраўніцтва на падначаленых. Прадпрыемства пракаментавала сітуацыю.
Анжаліка Борыс сустрэлася з Анджэем Пачобутам у калоніі — з дазволу Лукашэнкі
Пра сустрэчу з палітзняволеным журналістам Пачобутам кіраўніца забароненага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс расказала на прыёме ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды 15 красавіка.
«Ногі, калі раптам што не так, [у нас] прастрэльваюць». Актывістка з Гродна Бондарава пагражае дзецям ГУБАЗіКам
Праўладная і прарасійская актывістка з Гродна Вольга Бондарава абвясціла вайну падлеткам: пагражае ім затрыманнямі і прастрэленымі нагамі. Усё таму, што тыя пакрыўдзіліся за адмененыя паводле яе даносу канцэрты.