Дэпутата парламента зямлі Саксонія Ёрга Дорнаў ад скрайне правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) могуць пакараць за тое, што ён прыхаваў свае сувязі з Беларуссю. Аказалася, што палітык валодае буйным сельгаспрадпрыемствам ТАА «Цыбулька-Бел». Яно зарэгістравана ў аграгарадку Гуды Лідскага раёна і займаецца вырошчваннем «гародніны, бахчавых, карняплодных, клубняплодных культур».
Расследаванне правяло выданне «Welt am Sonntag» (нядзельны выпуск грамадска-палітычнай газеты «Die Welt»), на яго спасылаецца Bild (усе выданні належаць групе Alex Springer).
Згодна з рэгламентам парламента зямлі Саксонія, дэпутаты павінны паведамляць адміністрацыі аб сваёй дадатковай дзейнасці. Аднак аб бізнесе ў Беларусі Ёрг Дорнаў змаўчаў. Пасля апублікавання інфармацыі ў «Welt am Sonntag» старшыня парламента папрасіў дэпутата пракаментаваць інфармацыю, што ўсплыла.
За ўтойванне інфармацыі палітыку пагражае штраф да 41,7 тыс. еўра.
«Welt» таксама адзначае, што ў Ёрг Дорнаў у парламенце Саксоніі ўсхваляе ўмовы працы ў Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Валянцін Ліпман, прадстаўнік партыі Зялёных у парламенце Саксоніі, сцвярджае, што Дорнаў некалькі разоў выступаў з заявамі, якія гучалі так, быццам прадыктаваныя Крамлём і беларускімі спецслужбамі. На яго думку Ёрг Дорнаў можа быць больш адданы замежным дзяржавам, чым Германіі - і гэта павінна здаць справай для контрразведкі. «Bild» жа наўпрост называе Дорнаў «аматарам цыбулі і Лукашэнкі».
ТАА «Цыбулька-Бел» зарэгістравалі ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці 2 кастрычніка 2020 года. Гэта здарылася неўзабаве пасля таго, як у верасні 2020 года тады яшчэ патэнцыйны інвестар з Германіі Ёрг Дорнау сустрэўся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.
Упершыню ж у магчымым удзеле нямецкага бізнесмена ў вырошчванні цыбулі пад Лідай пісалі яшчэ ў сакавіку 2020 года.
Ужо ў лістападзе 2020 года Дорнаў і яго беларускі кампаньён Юры Куніцкі пачалі актыўна працаваць. Беларуская дзяржпрэса тады пісала, што Ёрг Дорнаў — патомны аграрый з 30-гадовым досведам. На той момант у планах быў збыт прадукцыі ў Беларусь, краіны ЕАЭС і Еўропы.
«Геаграфічнае размяшчэнне раёна паблізу прыбалтыйскіх партоў робіць яго прывабным для замежных кампаній. У доўгатэрміновай перспектыве плануем атрымліваць у год больш за 10 000 тон цыбулі найлепшай еўрапейскай і сусветнай якасці», — казаў у інтэрв'ю газеце «Рэспубліка» ў лістападзе 2020 Юрый Куніцкі. Тады складана было прадбачыць амаль поўнае закрыццё межаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
У 2021−2023 гадах ТАА «Цыбулька-Бел» атрымала па рашэнні Лідскага райвыканкама 1555,4 га з зямель РСУП «саўгас «Лідскі». На выдзеленых участках вырошчваюць не толькі цыбулю, але і ячмень, пшаніцу, азімы рапс, кукурузу. «Лідская газета» адзначала, што ўраджайнасць на палях прадпрыемства вышэйшая за сярэднераённыя паказчыкі.
«Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) — ультраправая папулісцкая палітычная партыя ў Германіі. Займае еўраскептычныя, прарасійскія, антыўкраінскія і антыімігранцкія пазіцыі. Прадстаўнікі партыі падтрымліваюць палітыку расійскага і беларускага рэжымаў. У супрацоўніцтве з Расіяй і прасоўванні расійскай прапаганды «Альтэрнатыву для Германіі» нядаўна абвінаваціла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Хаця партыя мае прыхільнікаў, у яе ёсць і шмат крытыкаў. У студзені 2024 года больш за 100 000 чалавек у Германіі выйшла на пратэсты супраць AfD.
На адзіным дні галасавання, які прайшоў 25 лютага ў Беларусі, дэпутат ад AfD Гунар Ліндэман выступаў у ролі «незалежнага назіральніка» з Еўрасаюза. У інтэрв'ю дзяржінфармагенцтву БелТА ён заявіў, што «выбары ў Беларусі праходзяць паводле дэмакратычных стандартаў».
Цікава, што хаця «Альтэрнатыва для Германіі» крытыкавала кавідную палітыку падчас пандэміі, партнёр Ёрга Дорнаў у Беларусі Юрый Куніцкі, наадварот, заклікаў беларусаў вакцынавацца.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…