Дэпутата парламента зямлі Саксонія Ёрга Дорнаў ад скрайне правай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” (AfD) могуць пакараць за тое, што ён прыхаваў свае сувязі з Беларуссю. Аказалася, што палітык валодае буйным сельгаспрадпрыемствам ТАА “Цыбулька-Бел”. Яно зарэгістравана ў аграгарадку Гуды Лідскага раёна і займаецца вырошчваннем “гародніны, бахчавых, карняплодных, клубняплодных культур”.
Расследаванне правяло выданне “Welt am Sonntag” (нядзельны выпуск грамадска-палітычнай газеты “Die Welt”), на яго спасылаецца Bild (усе выданні належаць групе Alex Springer).
Згодна з рэгламентам парламента зямлі Саксонія, дэпутаты павінны паведамляць адміністрацыі аб сваёй дадатковай дзейнасці. Аднак аб бізнесе ў Беларусі Ёрг Дорнаў змаўчаў. Пасля апублікавання інфармацыі ў “Welt am Sonntag” старшыня парламента папрасіў дэпутата пракаментаваць інфармацыю, што ўсплыла.
За ўтойванне інфармацыі палітыку пагражае штраф да 41,7 тыс. еўра.
“Welt” таксама адзначае, што ў Ёрг Дорнаў у парламенце Саксоніі ўсхваляе ўмовы працы ў Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Валянцін Ліпман, прадстаўнік партыі Зялёных у парламенце Саксоніі, сцвярджае, што Дорнаў некалькі разоў выступаў з заявамі, якія гучалі так, быццам прадыктаваныя Крамлём і беларускімі спецслужбамі. На яго думку Ёрг Дорнаў можа быць больш адданы замежным дзяржавам, чым Германіі – і гэта павінна здаць справай для контрразведкі. “Bild” жа наўпрост называе Дорнаў “аматарам цыбулі і Лукашэнкі”.
Што за “Цыбулька-Бел” і прычым тут Германія?
ТАА “Цыбулька-Бел” зарэгістравалі ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці 2 кастрычніка 2020 года. Гэта здарылася неўзабаве пасля таго, як у верасні 2020 года тады яшчэ патэнцыйны інвестар з Германіі Ёрг Дорнау сустрэўся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.
Упершыню ж у магчымым удзеле нямецкага бізнесмена ў вырошчванні цыбулі пад Лідай пісалі яшчэ ў сакавіку 2020 года.

Ужо ў лістападзе 2020 года Дорнаў і яго беларускі кампаньён Юры Куніцкі пачалі актыўна працаваць. Беларуская дзяржпрэса тады пісала, што Ёрг Дорнаў — патомны аграрый з 30-гадовым досведам. На той момант у планах быў збыт прадукцыі ў Беларусь, краіны ЕАЭС і Еўропы.
“Геаграфічнае размяшчэнне раёна паблізу прыбалтыйскіх партоў робіць яго прывабным для замежных кампаній. У доўгатэрміновай перспектыве плануем атрымліваць у год больш за 10 000 тон цыбулі найлепшай еўрапейскай і сусветнай якасці”, – казаў у інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” ў лістападзе 2020 Юрый Куніцкі. Тады складана было прадбачыць амаль поўнае закрыццё межаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
У 2021-2023 гадах ТАА “Цыбулька-Бел” атрымала па рашэнні Лідскага райвыканкама 1555,4 га з зямель РСУП “саўгас “Лідскі”. На выдзеленых участках вырошчваюць не толькі цыбулю, але і ячмень, пшаніцу, азімы рапс, кукурузу. “Лідская газета” адзначала, што ўраджайнасць на палях прадпрыемства вышэйшая за сярэднераённыя паказчыкі.
Чым вядомая “Альтэрнатыва для Германіі”
“Альтэрнатыва для Германіі” (AfD) – ультраправая папулісцкая палітычная партыя ў Германіі. Займае еўраскептычныя, прарасійскія, антыўкраінскія і антыімігранцкія пазіцыі. Прадстаўнікі партыі падтрымліваюць палітыку расійскага і беларускага рэжымаў. У супрацоўніцтве з Расіяй і прасоўванні расійскай прапаганды “Альтэрнатыву для Германіі” нядаўна абвінаваціла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Хаця партыя мае прыхільнікаў, у яе ёсць і шмат крытыкаў. У студзені 2024 года больш за 100 000 чалавек у Германіі выйшла на пратэсты супраць AfD.
На адзіным дні галасавання, які прайшоў 25 лютага ў Беларусі, дэпутат ад AfD Гунар Ліндэман выступаў у ролі “незалежнага назіральніка” з Еўрасаюза. У інтэрв’ю дзяржінфармагенцтву БелТА ён заявіў, што “выбары ў Беларусі праходзяць паводле дэмакратычных стандартаў”.
Цікава, што хаця “Альтэрнатыва для Германіі” крытыкавала кавідную палітыку падчас пандэміі, партнёр Ёрга Дорнаў у Беларусі Юрый Куніцкі, наадварот, заклікаў беларусаў вакцынавацца.

