Паглядзелі, якія вакансіі ў Гродзенскім філіяле РУП «Белпошта» ёсць для Гродна. Усяго ў банку вакансій 139 прапаноў працы ад “Белпошты” ў розных раёнах Гродзенскай вобласці. У Гродне на пошце можна зарабіць ад 364 да 1372,06 руб. у залежнасці ад пасады.
У Гродне можна ўладкавацца працаваць у філіял на Карла Маркса, 29, таксама шукаюць паштальёнаў і аператараў сувязі ў розныя паштовыя аддзяленні горада. Патрэбны адразу 28 чалавек. Вось хто:
- Намеснік начальніка аддзялення сувязі на поўную стаўку, заробак 921,86-1189 руб. Працаваць трэба ў дзве змены. Пасуе спецыяліст з вышэйшай адукацыяй у сферы паштовай сувязі (профіль “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Упраўленне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”) без стажу працы, або з сярэдняй спецыяльнай і стажам работы спецыялістам па паштовай дзейнасці не менш як год, або з агульнай сярэдняй адукацыяй і стажам работы аператарам на пошце не менш як тры гады. Патрэбны досвед працы з касавым апаратам, у сферы абслугоўвання. Праца часовая.
- Два начальнікі ўчастка на поўную стаўку. Адзін – з вышэйшай адукацыяй і вопытам працы ад двух гадоў – за 951-1051 руб. з перспектывай росту заробку і даплатамі 10% за стаж ужо пасля трох месяцаў. У апісанні сказана, што рускай мовай можна валодаць слаба. Другі – на рамонтна-будаўнічы ўчастак, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, вопытам работы ад трох гадоў і свабодным валоданнем рускай мовай – на заробак 951,6-1027 руб. Кандыдат павінен ведаць, як весці ўлік заявак і вытворчасць бягучых рамонтаў памяшканняў і вытворчай мэблі.
- Кладаўшчык з агульнай сярэдняй адукацыяй і веданнем “1 С” на поўную стаўку, зарплата 660,81-713,66 руб., са штомесячнымі прэміямі і даплатамі 10% за стаж пасля трох месяцаў працы.
- Начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва з вышэйшай адукацыяй і веданнем нарматыўных дакументаў па будаўніцтве, а таксама вопытам работы на кіруючых пасадах – на поўную стаўку і зарплату 1247,33-1372,06 руб. з перспектывай росту.
- Начальнік аддзела маркетынгу з вышэйшай адукацыяй і вопытам работы ў сферы маркетынгу – на поўную стаўку з зарплатай 1247,33-1347,12 руб. Чалавека шукаюць на перыяд дэкрэтнага водпуску асноўнага супрацоўніка.
- Спецыяліст па рабоце з кліентамі з вышэйшай адукацыяй і вопытам работы на пасадзе не менш як тры гады – на поўную стаўку з зарплатай 831,55-931,34 руб. Адзначана, што адна кандыдатура ўжо ёсць.
- Тры аператара сувязі з агульнай сярэдняй адукацыяй на 0,9 стаўкі з заробкам 563,4-698,37 руб. Спецыялісты патрэбны на час адсутнасці асноўных работнікаў. Спатрэбіцца досвед працы на касавым апараце і з кліентамі.
- Тры спецыялісты па паштовай дзейнасці ў розныя паштовыя аддзяленні, адукацыя – сярэдняя спецыяльная па спецыяльнасці “Паштовая сувязь”, на 0,9 стаўкі з зарплатай 653,53-843 руб.
- Восем паштальёнаў з агульнай сярэдняй адукацыяй у розныя паштовыя аддзяленні: траіх на 0,79 стаўкі і па адным на поўную, на 0,83, на 0,71, на 0,87 і на 0,64 стаўкі за заробак 653,53-843 руб. прапарцыйна стаўцы. Патрабаванне адно – адсутнасць прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
- Пяць кіроўцаў з агульнай сярэдняй адукацыяй на поўную стаўку за 914-1188,2 руб. Будзе даплата за сумяшчэнне прафесіі паштальёна. Спатрэбіцца катэгорыя “В”, “С”, стаж працы ад трох гадоў і адсутнасць прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
- Слесар па рамонце аўтамабіляў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй на поўную стаўку з заробкам 775,65-930,78 руб. Спатрэбіцца пацвярджэнне права працы слесарам па рамонце аўтамабіляў (запіс у працоўнай кніжцы, дакументы аб адукацыі).
- Кантралёр тэхнічнага стану механічных транспартных сродкаў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і пасведчаннем кіроўцы катэгорыі “В”, “С” на 0,5 стаўкі для працы ў дзве змены, заробак 364-469,56 руб.
Усе вакансіі абноўлены 9 красавіка.
Чытайце таксама: На «Гроднаэнерга» не хапае персаналу. Закрыць вакансіі цяжка, бо кандыдаты не праходзяць праверку ад КДБ



