Кожны месяц у Шчучынскі аддзел прымусовага выканання прыходзяць справы аб даўгах за камуналку. Пры гэтым такіх выканаўчых дакументаў робіцца ўсё больш. Гэта значыць, колькасць неплацельшчыкаў камунальных паслуг павялічваецца. Як іх стымулююць плаціць па даўгах, распавяла газеце «Дзянніца» Алена Лашчэўская, намеснік начальніка аддзела прымусовага выканання Шчучынскага раёна. Ёсць і нечаканы спосаб — забараніць атрымліваць тавары з папулярных маркетплэйсаў.

Каб спагнаць грошы з даўжнікоў, судовыя выканаўцы маюць шмат варыянтаў:

  • могуць забраць грошы прама з рахунку (гэта называецца спісанне грашовых сродкаў з рахункаў даўжніка ў бясспрэчным парадку),
  • арыштаваць маёмасць,
  • абмежаваць выезд з Беларусі,
  • забараніць кіраваць машынай (часовае абмежаванне права кіравання транспартнымі сродкамі),
  • абмежаваць магчымасць карыстацца мабільнай сувяззю і паслугамі «Белтэлекама»,
  • забараніць атрымліваць пасылкі ў пунктах выдачы Wildberries і Ozon,
  • і іншыя меры, прадугледжаныя законам «Аб выканаўчай вытворчасці».

Калі паўгода не плаціць за камуналку, судовыя выканаўцы могуць падаць на вас у суд: і вас могуць выселіць, а ў крайнім выпадку — нават забраць кватэру і прадаць яе з публічных таргоў, каб кампенсаваць даўгі.

Вывучэнне судовых рашэнняў дэманструе, што, як правіла, даўжнікі пазбаўляюцца свайго жылля без магчымасці атрымаць іншае, піша Алена Лашчэўская.