Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній прысутнічаў на адкрыцці «Рускага дома» ў Гродне. Ён аказаўся адзіным з беларускіх іерархаў праваслаўнай царквы такога ўзроўню, якія наведалі адкрыццё «Рускіх дамоў», заўважыла «Хрысціянская візія».
На імпрэзу ў Гродне Антоній прыйшоў не адзін. На фота з адкрыцця «Рускага дома», апублікаванага епархіяй, трапілі протаіерэй Мікалай Лабынька (сакратар Антонія), скандальна вядомая ігумення Гаўрыіла і протаіерэй Аляксандр Раманчук (папулярызатар «заслуг» Мураўёва, ката паўстання 1863−64 гг.).
Паводле дадзеных адкрытых крыніц, на адкрыццях «Рускіх дамоў» у іншых гарадах Беларусі вышэйшае праваслаўнае духавенства не прысутнічала. Так архіепіскап Антоній стаў першым архіерэем Беларускай праваслаўнай царквы, які наведаў падобнае мерапрыемства. Раней іншыя епіскапы БПЦ устрымліваліся ад такіх жэстаў. Такім чынам, 43-гадовы архірэй, які атрымаў адукацыю ў Швейцарыі пад патранажам Канстанцінопальскага Патрыярхата, адкрыта прадэманстраваў сваю прыхільнасць ідэалогіі «рускага свету» і апярэдзіў у гэтым калегаў.
Чым займаюцца «Рускія дамы»
У Беларусі «Рускія дамы» адкрыты ў Мінску, Брэсце і Гомелі, а зараз і ў Гродне. Місія арганізацыі апісана на яе афіцыйным сайце: «Рассупрацоўніцтва — вядучае расійскае агенцтва, галоўная місія якога — узмацненне гуманітарнага ўплыву Расіі ў свеце». Калі прасцей, гэта значыць русіфікаванне месцаў, дзе яна працуе, і экспансія «рускага свету» з дапамогай soft power (культуры, мовы, адукацыі). У дачыненні Беларусі гэта зводзіцца да размывання яе нацыянальнага суверэнітэту і палітычнай суб’ектнасці: напрыклад, у Брэсце ў «Рускім доме» адкрылі фотавыставу пад назвай «Пачуццё Радзімы», прысвечаную 10-годдзю анэксіі Крыма.
Як заняў пост Антоній
Ахрхіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній заняў сваю пасаду ў 2021 годзе, замяніўшы архіепіскапа Арцемія. Апошняга знялі з пасады і адправілі на пенсію нібыта праз стан здароўя. Сам уладыка сказаў пазней у інтэрв'ю, што гэта было чыста палітычнае рашэнне. У 2020 годзе ён адзіны сярод высокапастаўленых іерархаў праваслаўнай царквы асудзіў гвалт сілавікоў і фальсіфікацыю выбараў. Пасля змены кіраўніцтва ў епархіі святары, заўважаныя ў непадтрымцы афіцыйных свецкіх уладаў Беларусі, не раз падвяргаліся ціску.
Што такое «Хрысціянская візія»
«Хрысціянская візія» — грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае духавенства, багасловаў і актывістаў з праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай і евангельскіх цэркваў у Беларусі і замежжа. Створана ў верасні 2020 года для каардынацыі інфармацыйнай, аналітычнай, праваабарончай, сацыяльнай, культурнай, дыпламатычнай, навуковай і пастырскай дзейнасці ва ўмовах паглыблення беларускага палітычнага крызісу, а з лютага 2022 года — расійскай агрэсіі супраць Украіны. Займаецца таксама маніторынгам рэпрэсій у адносінах да святароў.