Жыхар Ліды пабудаваў на лецішчы садовы домік, бакоўкі, правёў каналізацыю і пасадзіў дрэвы. Па стане здароўя ён стаў радзей наведваць дачны ўчастак. У траўні 2019 года ён выявіў, што яго домік, некаторыя гаспадарчыя пабудовы і частку агароджы пашкодзілі і спілавалі 44 пладовыя дрэвы. Мужчына пайшоў у суд, яго суседзі - таксама.
Мужчына заявіў у міліцыю. Правялі праверку — спілавалі дрэвы два суседы. Кампенсаваць шкоду яны адмовіліся. З аднаго мужчына хацеў спагнаць 10 093 рублёў, з другога — 4319 рублёў. Пазней ён паменшыў патрабаванні да 1198 рублёў 40 капеек і 1870 рублёў 14 капеек. Другога суседа мужчына таксама хацеў абавязаць дэмантаваць 24 метры плота на мяжы ўчасткаў, перанесці хлеў на метр ад мяжы і прыбраць з яго тэрыторыі смецце і лесвіцу.
Суседзі таксама звярнуліся з позвамі: прасілі абавязаць спілаваць частку дрэў, знесці драўляны туалет на мяжы ўчастка, перанесці на адзін метр ад плота часовыя збудаванні, дэмантаваць кампостную яму, каналізацыйны калодзеж і бетонныя збудаванні.
Смецце і лесвіцу лідчанін прыбраў добраахвотна — у судзе гэтым не займаліся. На карысць мужчыны спагналі 628 рублёў 2 капейкі і 389 рублёў 6 капеек плюс судовыя выдаткі. Плот дэмантаваць прыйдзецца, а хлеў па рашэнні суда застанецца.
Пазовы суседзяў таксама часткова задаволілі: мужчына павінен абрэзаць галінкі дрэў, якія выступаюць на чужы ўчастак, перанесці драўляны туалет на адлегласць не менш за 1 метр ад мяжы ўчастка, накрыць кампостную яму і ачысціць участак ад параслі слівы і алычы.
Мужчына не пагадзіўся з гэтым і пайшоў у Гродзенскі абласны суд, але там рашэнне суда Лідскага раёна пакінулі без змены.
Чытайце таксама: «У розумах засталася старая ўстаноўка: дзяржаўнае — значыць нічыё». Як і чаму крадуць у беларускай вёсцы