Кампанія “Славянка” пачала выпускаць курткі з падагрэвам. Купіць такую куртку можна будзе па цане да 200 рублёў, паведаміў “Беллегпрам”.

Вытворца абяцае, што набыць куртку з падагрэвам можна будзе восенню 2024 года ў фірмовых крамах сеткі “Славянка”. Таксама ў планах пастаўка куртак за мяжу. Зараз курткі ў межах тэставання носяць супрацоўнікі ДАІ.

Якая тэмпература нагрэву куртак

Курткі будуць мець тры тэмпературныя рэжымы:

  • зялёны – 25°C – 35°C;
  • сіні – 35°C – 45°C;
  • чырвоны – 45°C – 55°C.

Патрэбнай тэмпературы адзенне будзе дасягаць за 30 секунд. Але для падагрэву патрэбен будзе паўэрбанк, для якога ёсць дадатковая бакавая кішэня. У падшыўцы курткі выкарысталі драпен. Ён добра праводзіць ток і не дапускае страты цеплыні. 

За колькі куртку з падагрэвам можна набыць на маркетплейсах

На маркетплейсе Wildberries цана на курткі з падагрэвам пачынаецца ад 108 рублёў. Ёсць курткі за 116 і за 153 рублі. Таксама ёсць варыянты за 300 і больш чым 400 рублёў. 

На AliExpress прапаноўваюць не толькі курткі з падагрэвам, а яшчэ і камізэлькі, цана за якія ад 50 рублёў. Курткі каштуюць даражэй – ад 108 рублёў. Асобна можна набыць грэлкі. Іх цана пачынаецца ад 14 рублёў. 

Чытайце таксама:  Замест сукенкі H&M за 50 рублёў – беларуская за 200? Ці змогуць мясцовыя вытворцы замяніць адзенне замежных брэндаў