У мястэчку Азёры на электрычных слупах усталявалі спецыяльныя платформы для гнёздаў буслоў. Яны патрэбныя, каб птушкі не забруджвалі электрычныя правады, паведаміў «Вячэрні Гродна» са спасылкай на «Гроднаэнэрга».

Канструкцыю платформаў для гнездавання птушак распрацавалі ў 2020 годзе. Іх усталёўваюць супольна са спецыялістамі з прыродаахоўных установаў - арнітолагі падбіраюць месцы, дзе птушкам будзе камфортна і яна не будуць у блізкай адлегласці да лініі электраперадач (ЛЭП).
Навошта буслоў адсяляць ад ЛЭП
Звычайна пад гнёздамі птушак збіраецца птушыны памёт, вільгаць і цвіль. Такім чынам забруджваецца ізаляцыя правадоў. Гэта можа выклікаць кароткае замыканне і адключэнне электрасеткі. Таксама з-за жыццядзейнасці птушак могуць акісляцца кантактныя злучэнні.

Шматгадовыя гнёзды небяспечныя для сетак. Птушкі штогод дабудоўваюць сваё жытло, з-за чаго вага гнязда можа павялічвацца на некалькі дзясяткаў кілаграм. Прасеўшы, яно можа абарваць правады, што небяспечна для людзей і жывёл.
Колькі важыць буслінае гняздо
У сярэднім за адзін год гняздо бусла становіцца цяжэй на 64 кг. Гнёзды вышынёй паўметра могуць важыць каля 300 кг, а вышынёй адзін метр — 700 кг.
Чытайце таксама: У Еўропе паспрабавалі замерыць гнёзды буслоў: адно з самых вялікіх знайшлося на Гродзеншчыне