Жыхарка Гродна Алена 8 сакавіка выехала з Гродна ў Беласток. Яна ехала аўтобусам польскай фірмы праз пункт пропуску «Брэст». Уся дарога заняла ў яе 43 гадзіны, піша MOST. У лепшыя часы, калі працаваў пункт пропуску «Кузніца», дабрацца з Гродна ў Беласток можна было за 2,5−3 гадзіны.
З 1 сакавіка 2024 года закрыўся апошні бліжэйшы да Гродна пункт пропуску на мяжы з ЕС — «Прывалка» (з літоўскага боку — «Райгардас»). Мяжа з Польшчай у Гродзенскай вобласці закрылася яшчэ раней: палякі закрылі «Кузніцу» ў 2021, а «Баброўнікі» ў 2023. Зараз даехаць з Гродна ў Беласток можна толькі вялікімі коламі праз Беняконі ці Брэст. Дарога складае больш за 400 км у абодвух выпадках.
Алена села ў аўтобус у Гродне ў гадзіну ночы 8 сакавіка. Гэта была паездка з польскім перавозчыкам, з якім жанчына падарожнічала і раней. Мінулым разам, у канцы лютага, яна вярталася ў Беларусь на аўтобусе гэтай жа кампаніі. Шлях з Беластока ў Гродна праз «Прывалку» заняў шэсць гадзін.
Жанчына была гатова да доўгіх пераходаў мяжы. Часам ёй даводзілася праводзіць у дарозе па 10−12 гадзін. Максімум — 13 гадзін. Алена не ўпершыню купляла білеты на сайце польскага перавозчыка. Таму ніякіх прадчуванняў аб магчымых праблемах у яе не было.
Чэргі на граніцах Беларусі з Польшчай і Літвой сталі расці з 7 сакавіка. Верагодна, у сувязі з доўгімі выхаднымі, якія распачаліся ў Беларусі.
У пачатку паездкі Алена спытала, праз які пункт пропуску яны паедуць, калі «Прывалка» зачыненая. Аказалася, што праз «Брэст».
— Праз тры гадзіны былі на мяжы. І тут высветлілася, што ў гэтага перавозчыка няма ліцэнзіі, каб ездзіць як рэйсавы менавіта на гэтым пункце пропуску. Мы сталі 27-мі ў чаргу да турыстычных аўтобусаў. А ў рэйсавай чарзе стаяла толькі 7−9 аўтобусаў.
Польскія памежнікі, па словах Алены, прапускалі аўтобусы толькі па адной паласе. Спачатку давалі праязджаць тром рэйсавым, потым аднаму турыстычнаму.
На гэты ж рэйс можна было набыць білеты на сайце кампаніі-партнёра з Беларусі. Там пакупнікам загадзя паведамляюць, што аўтобус будзе ехаць як турыстычны. На польскім сайце гэтай інфармацыі няма.
Перавозчыкі абавязаны ўзгадняць маршруты рэгулярных рэйсаў. Толькі ў выпадку ўзгаднення аўтобус або маршрутка будзе лічыцца рэйсавым і зможа прайсці мяжу крыху хутчэй, чым турыстычны.
Чарга з турыстычных аўтобусаў была настолькі доўгай, што перавозчыкі, якія зноў прыязджалі, у яе нават не станавіліся. Яны проста высаджвалі пасажыраў на мяжы, разварочваліся і з’язджалі. На месцы людзі самі шукалі спосабы прайсці мяжу на іншых аўтобусах ці падсаджваліся ў легкавыя аўто.
Большасць пасажыраў аўтобуса, якім ехала Алена, зрабілі тое самае. Яны даплачвалі за білет і шукалі месцы ў іншых рэйсавых аўтобусах. Даехаць да Варшавы ад мяжы каштавала каля $ 30.
Легкавыя машыны праходзілі мяжу хутка, гаворыць Алена, таму найлепшым выхадам было дамаўляцца з кіроўцамі і падсаджвацца да іх.
— На працягу некалькіх гадзін, [пасля таго] як мы прыехалі, бітком набіты наш аўтобус разышоўся па іншых аўтобусах… У выніку да Беластока з тым жа перавозчыкам даехала, можа, чалавекі чатыры.
Да раніцы 8 сакавіка сітуацыя для турыстычных аўтобусаў стала яшчэ горшай. На мяжу пачалі прыязджаць рэйсавыя аўтобусы ў Гданьск, Познань, Катавіцы, Гдыню, Цярэспаль, Бяла-Падляску. З-за гэтага час чакання турыстычных аўтобусаў толькі павялічыўся.
Праз суткі, у гадзіну ночы 9 сакавіка, з Гродна выйшаў наступны аўтобус таго ж перавозчыка. Паколькі аўтобус Алена да таго моманту быў амаль пустым, усіх 33 пасажыраў з новага аўтобуса перасадзілі ў стары, які ўжо больш за суткі стаяў у чарзе. Гэтым пасажырам пашанцавала зэканоміць час.
Выехаць з мяжы аўтобус змог 9 сакавіка, а 13.15 паводле беларускага часу. За 2,5 гадзіны ён даехаў да Варшавы і ўжо адтуль накіраваўся ў Беласток. У пункт прызначэння гродзенка дабралася толькі да 20.00 (беларускі час). Даехаць з Гродна ў Беласток удалося амаль за двое сутак.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…