У Гродне прадаюць трохпакаёвую кватэру ў будынку пачатку XX стагоддзя. Ён размяшчаецца на вуліцы Батанічнай, 15. Адметнасць кватэры — голыя неатынкаваныя сцены.
Кватэра мае плошчу 67 кв.м. і размяшчаецца на першым паверсе. Яна знаходзіцца ў доме, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. За яе хочуць 192,5 тыс. рублёў ($ 60 000).
Вышыня столяў - каля чатырох метраў, таўшчыня сцен — каля 50 см. На падлозе залілі новую сцяжку. Таксама замянілі каналізацыйныя камунікацыі. Сцены кватэры цалкам ачышчаныя ад тынкоўкі. Паводле апісання ў аб’яве, гэта зрабілі спецыяльна: «Магчыма, новы ўладальнік вырашыць зрабіць з ёй нешта цікавае».
Чытайце таксама: В гостиной — стена монастыря, за окном — кабак. Дизайнерка из Гродно — о жизни в историческом доме
У чым адметнасць гістарычнага будынка
Камяніцу Нахіма Індурскага пабудавалі ў 1904 годзе. Над вокнамі трэцяга паверха, з інтэрвалам праз акно, размяшчаюцца барэльефы лацінскіх літар TEPSIVA. Ёсць некалькі версій, што азначаюць гэтыя літары.
Першая — скарот лацінскага выразу «Табе, што праходзіць звонку, шлях да ісціны важнейшы». Другая — надпіс узнік пазней, падчас рамонту дома, калі будаўнікі дзеля жарту змясцілі кожны па літары свайго імя.
Але на думку аўтара кніг па гісторыі Гродна Андрэя Павача (супольны псеўданім гісторыкаў Андрэя Вашкевіча і Андрэя Чарнякевіча), Tepsiva ў перакладзе з фінскай мовы азначае «для разумных».
Пра гэты дом існуе паданне, быццам у ім у час рамонту, у старой печцы знайшлі клад залатых манет, які потым бясследна знік.