Лясгасы Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання прапануюць падпрацоўку і клічуць ахвотных садзіць лес за аплату. Расцэнкі ідуць за 1000 саджанцаў.
У Ваўкавыскім лясгасе за пасадку 1000 саджанцаў у залежнасці ад глебы, у якую іх садзяць, заплацяць:
- на лёгкай глебе — 65,30 руб.;
- на сярэдняй глебе — 73,70 руб.;
- на цяжкай — крыху больш за 97 руб.
Звычайна пасадка ідзе на сярэднія глебы, расказалі у лясгасе «Газеце Слонімскай».
У Скідзельскім лясгасе за пасадку 1000 саджанцаў абяцаюць 50 руб. Пасадка саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай ацэньваецца ў 53 руб. Там удакладнілі, што для пасадкі лесу патрэбны два чалавекі. Лясгас заключыць дамову з тымі, хто вырашыць заняцца пасадкай.
У Слонімскім лясгасе пасадка 1000 саджанцаў каштуе каля 55 руб., і гэта павінна быць якасная пасадка.
У Дзятлаўскім лясгасе не працуюць з фізічнымі асобамі.
Выкапаць дрэва для сябе можна бясплатна
З канца студзеня 2024 года набылі моц абнаўленні ў Лясным кодэксе. Паводле іх, людзі, якія жадаюць пасадзіць дрэвы ці хмызнякі на сваім участку, могуць узяць іх у лесе бясплатна. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясгас ці лясніцтва, і тады адмыслоўцы пакажуць участак, дзе можна выкапаць дрэва ці куст. Такія ўчасткі будуць мяняць, каб не шкодзіць экастыстеме. Ёсць абмежаванні і па памеры. Іглічныя і цвёрдаліставыя пароды можна выкопваць не больш за 0,5 м вышынёй, мяккаліставыя пароды — не больш за 1 м, удакладняюць у Гродзенскім ДВЛА.
Чытайце таксама: У Гродзенскі аблвыканкам шукаюць прыбіральшчыкаў, слесара і сісадміна: вось якія заробкі ім гатовыя плаціць